“12 кастрычніка 1920 году Віленьшчына была абвешчаная незалежнай дзяржаваю пад назовам Сярэдняя Літв…

“12 кастрычніка 1920 году Віленьшчына была абвешчаная незалежнай дзяржаваю пад назовам Сярэдняя Літва. У ёйны склад увайшлі дзевяць паветаў з тэрыторыяй блізу 10 тысяч км². Акрамя Вільні, найбольш буйнымі местамі былі Ашмяна, Сьвянцяны, Смаргоні і Трокі.
Фактычным кіраўніком дзяржавы стаў Люцыян Жалігоўскі. Прызначаны Жалігоўскім урад складаўся пераважна з прыхільнікаў аўтаноміі Літвы замест інкарпарацыі Польшчай. Пытаньне палітычнае прыналежнасьці Сярэдняе Літвы канчаткова павінен быў вырашыць сойм і правядзеньне плебісцыту.
Краіна мела сваю судовую сыстэму, уласныя грошы, сымболіку, паштовыя маркі з «Пагоняй», партрэтамі гістарычных і культурных дзеячоў, у тым ліку вялікага князя й караля Уладыслава Яґайлы, Тадэвуша Касьцюшкі, Адама Міцкевіча, а таксама выявамі архітэктурных помнікаў Віленьшчыны.
У наступным годзе ў Сярэдняй Літве працавала ўжо 186 беларускіх школаў, Віленьская беларуская ґімназыя і Барунская настаўніцкая сэмінарыя.
Няма сумневу, што Сярэдняя Літва была ўсё ж часовай квазідзяржавай, непрацяглае існаваньне якой было зьвязана зь цяжкай міжнароднай сытуацыяй у пасьляваеннай Эўропе. Гэта было таксама і сьведчаннем шырокіх ґеапалітычных плянаў Пілсудскага. Так, Юзаф Пілсудскі імкнуўся да стварэньня саюзнае з Польшчай літоўскае фэдэрацыі — Літвы Паўночнай (Літвы Ковенскае), Літвы Сярэдняе і Літвы Паўднёвае (са сталіцай у Наваградку).
Але мэты стваральнікаў Сярэдняе Літвы, нягледзячы на ўсю неадназначнасьць, выглядаюць абсалютна шчырымі. Тут можна ўзгадаць цытату Люцыяна Жалігоўскаго: «Вільню заняў ня польскі ґенэрал Жалігоўскі, а літвін Жалігоўскі. Мараю гэтага апошняга было жыць сярод суайчыннікаў на літоўскай зямлі».