Людзі за кратамі пакутуюць ад розных хвароб; інфекцыі і вошаў адміністрацыя распаўсюджвае наўмысна. А яшчэ можна ўзгадаць, як сістэма наноў вынайшла цынгу, якая ў цывілізаваным свеце амаль пераможаная. Турэмныя лекары ў катаваннях разбіраюцца ці не больш за губазікаў. І нельга сказаць, што ўсё гэта прыдумана ў 2020 г для палітычных, не. Людзі, што выйшлі на волю, распавядаюць, як за кратамі хварэюць і паміраюць без дапамогі звычайныя зняволеныя.
Сістэма існуе шмат гадоў. З’явілася яшчэ ў часы чэкістаў, а пры лукашэнку расквітнела. Мэта сістэмы – знішчыць чалавека, што трапіў у яе жорны. Усё роўна, як знішчыць: фізічна, маральна. Калі не атрымалася, то хоць здароўе сапсаваць. Але знішчаць трэба акуратна, каб не прыйшлося потым адказваць, бо звычайных ахоўнікаў ці нават начальніка калоніі прызначыць крайнімі будзе лёгка, калі што. А “калі што” можа здарыцца нечакана. Таму няхай зняволеныя паміраюць самі. Як Алесь Пушкін, напрыклад.
Але, сябры. Алеся Пушкіна забілі, як бы яго смерць не называлася ў афіцыйных паперках. І тое, што зараз робяць з Таццянай Колас і іншымі людзьмі з цяжкімі хваробамі – гэта спроба забойства. Іх забіваюць павольна, але мэтанакіравана. І адказваць за гэта прыйдзецца адпаведна. Людзей калечаць і забіваюць не хваробы (вылечныя на волі) і не турэмная бюракратыя, а пэўныя асобы, у якіх ёсць імёны і пасады, іх графікі працы захоўваюцца, іх подпісы стаяць на жыццёва важных дакументах (накіраваць у бальніцу? Не трэба, няхай церпіць, – вось гэтыя дакументы). Наш абавязак – не забыцца пра такіх “сумленных супрацоўнікаў калоній”, і мы дакладна не забудземся.
А яшчэ трэба гаварыць зараз пра кожны выпадак не-аказання медычнай дапамогі ў калоніях. Праваабаронцы, незалежная прэса, проста людзі – не маўчыце. Часам галоснасць ратуе жыцці.
Свабоду Таццяне Колас!
Свабоду ўсім палітвязням!
Жыве Беларусь!