​​Год тварэння-і-чаго-там-яшчэ толькі пачаўся, а ўжо нясе нам усялякія розныя навіны культуры. Выдав…

​​Год тварэння-і-чаго-там-яшчэ толькі пачаўся, а ўжо нясе нам усялякія розныя навіны культуры. Выдавецтву Янушкевіч забаранілі выдаваць кнігі ў Беларусі. Чырвона-зялёныя “патрыёты” дамагліся адмовы ад беларускай лацінкі ў транслітарацыі геаграфічных назваў. “Суд” прызнаў экстрэмісцкімі ажно 12 кніг па гісторыі запар. І самае-самае. Паўлу Белавусу, заснавальніку крамы Сымбал.бай, выстаўлена абвінавачване ў здрадзе дзяржаве.

“Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з’яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі”, – заяўляе начальнік упраўлення СК па Мінску Сяргей Паско. Таксама непаважаны Сяргей Міраслававіч дадае: “Следствам устаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для хутчэйшай змены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Павел Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы.”

Таварыш Паско, што ж за Радзіма ў вас такая, да якой Павел “стымуляваў варожасць”? Відавочна, не Беларусь, тады што? Не так даўно Юры Шаўчук заўважыў: “Радзіма – гэта не дупа прэзідэнта”. Здаецца, Радзіма “беларускага” СК – гэта як раз дупа, прычым прэзідэнта Расіі.

І другое пытанне: як дзейнасць сувенірнай крамы стварае пагрозу для знешняй бяспекі дзяржавы? Што ў нас увогуле з бяспекай гэтай, калі ёй усё наўкол пагражае – і цішоткі з магніцікамі, і няправільна расчлянёныя курыцы, і птушкі Бацькаўшчыны, і спектакль пра Дзеда Мароза, які сыходзіць на пенсію, і гурт, што спявае крамольнае “мы не народец”, і чаты на 5 чалавек?!

Акупантам жыць лёгка. Прыйшлі, павесілі банэр “Россия тут навсегда” у акупаваным горадзе, не атрымалася, сышлі. А вось калабарантам сыходзіць няма куды. У турму ці ў пекла – так сабе варыянты.

Калі ў краіне забараняецца мова, гісторыя і культура – зразумела, што краіна пад акупацыяй. І менавіта калабаранты здзяйсняюць зараз здраду дзяржаве, сапраўднай беларускай нацыянальнай дзяржаве. Дык вось, спадары калабаранты. Россия здесь не навсегда. Яна, здаецца, ужо нідзе не назаўжды. І калі яе “назаўжды” скончыцца, вы застанецеся сам-насам з народам, якому здрадзілі. І мы нагадаем вам усё – і забароненыя кнігі, і перапісаную гісторыю, і зняволеных людзей.

Свабоду Паўлу Белавусу!
Жыве мова! Жыве культура! Жыве гісторыя!
Жыве Беларусь!