У суботу, 17 кастрычніка 2026 года, у горадзе Мінску, у капліцы св. Яна Хрысціцеля, адбыліся уводзіны ў служэнне новапрызначанага Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі айца Лявонція Тумоўскага.
На прыступках запоўненага вернікамі храма архімандрыт Сяргей Гаек, айцец Яўген Усошын (канцлер Апостальскай Адмінстратуры) і айцец Лявонцій сустракалі шаноўнага госця – Апостальскага Нунцыя ў Беларусі архібіскупа Іньяцыё Чэффаліа.
Перад пачаткам літургіі да прысутных звярнуўся архімандрыт Сяргей. Ён прывітаў архібіскупа Іньяцыё, а таксама мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Юзафа Станеўскага, архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, біскупаў, святароў і вернікаў, што прыбылі на ўрачыстасць.
Ва ўступным слове Архібіскуп Нунцый падзякаваў Богу і Папу Льву XIV за прызначэнне новага Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі, кажучы:
“Гэта не проста адміністрацыйная змена царкоўнай адзінкі, а крок да аднаўлення даверу Богу. Вернікі візантыйскага абраду ў Беларусі – малы статак, але гэта не змяншае вашай важнай ролі ў будаўніцтве Валадарства Божага на зямлі”.
Перад сабранымі іерархамі, святарамі і вернікамі, у прысутнасці Апостальскага нунцыя ў Беларусі архібіскупа Іньяцыё Чэффаліа быў прачытаны дэкрэт Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы, у якім было абвяшчана што 14 верасня 2026 г. Святы Айцец Леў ХIV прызначыў айца Лявонція (Аляксандра) Тумоўскага M.S.U., Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі.
Таксама быў прачытаны дэкрэт Дыкастэрыі Ўсходніх Цэркваў ад 17 кастрычніка 2026 (N. 50/2023), у якім – ад імя Святога Айца Льва XIV – Дыкастэрыя надала айцу Лявонцію годнасць Архімандрыта, у адпаведнасці з канонам 388 Кодэкса Канонаў Усходніх Цэркваў.
Пасля гэтага Апостальскі Нунцый здзейсніў абрад хіратэсіі, гэта значыць пастаўлення айца Лявонція ў сан архімандрыта і ўвёў новага іерарха на пасад Апостальскага Адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі
Архімандрыт Лявонцій узначаліў Боскую Літургію. Падчас гаміліі ён звярнуў увагу на малітву Ісуса за сваіх вучняў “каб усе былі адно”. Падкрэсліў, кожны, хто паверыць Нябеснаму Айцу, носіць імя Божага дзіцяці. Гэта сапраўдны дар, але і вялікае заданне – сведчыць аб годнасці хрысціяніна і дзяліцца радасцю і мірам з тымі, каго сустракаем штодня.