Папскі Усходні інстытут вітаў свайго выпускніка 28 кастрычніка Усяленскі Патрыярх Канстанцінопальск…

Грэка-католікі Беларусі ##Царква #Царква

 Папскі Усходні інстытут вітаў свайго выпускніка

28 кастрычніка Усяленскі Патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей наведаў Папскі Усходні інстытут у Рыме, дзе ён вывучаў кананічнае права. Візіт стаў заключным этапам яго пяцідзённага пілігрымавання па Рыме, Ларэта і Асізі.

«Сардэчна запрашаем у альма-матэр!» – гэтымі словамі Патрыярха віталі ў актавай зале інстытута. З 1963 па 1968 год Варфаламей, тады яшчэ дыякан Дзімітрый Архандоніс, навучаўся тут дзякуючы стыпендыі, атрыманай пры садзейнічанні Усяленскага Патрыярха Афінагора. Яго доктарская дысертацыя была прысвечана кадыфікацыі святых канонаў. Кананічны лад царкоўнага жыцця пасля стаў адной з пастаянных тэм яго служэння.

Гады навучання Варфаламея ў Рыме прыпалі на важны этап збліжэння Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў. 7 снежня 1965 года Папа Павел VI і Патрыярх Афінагор абвясцілі сумесную дэкларацыю, якая зняла ўзаемныя адлучэнні 1054 года. У 1969 годзе пры Папскім Усходнім інстытуце з ініцыятывы езуіта айца Івана Жужака было заснавана Таварыства права Ўсходніх Цэркваў (Society for the Law of the Eastern Churches), якое аб’яднала спецыялістаў у галіне кананічнага права з розных царкоўных традыцыяў. Сярод заснавальнікаў Таварыства быў і будучы Патрыярх Варфаламей, які пазней стаў ягоным першым віцэ-прэзідэнтам.

Сустрэчу 28 кастрычніка адкрыў а. Санні Томас Кокаравалайіл, прэзідэнт Папскага Усходняга інстытуту. Да прысутных звярнуўся і кардынал Клаўдыё Гуджэроцці, прэфект Дыкастэрыі ў справах Усходніх Цэркваў і былы студэнт інстытуту. Ён падкрэсліў, што экуменічны дыялог працягваецца, нягледзячы на цяжкасці, і адзначыў значнасць сумеснага вывучэння царкоўнай спадчыны: «Калі ў дыялогу паміж Цэрквамі, а часам і ўнутры саміх Цэркваў, узаемаразуменне не заўсёды даецца лёгка, адно можна сцвярджаць з упэўненасцю: вучоба нас збліжае».

Усяленскі Патрыярх Канстанцінопальскі Варфаламей падзяліўся ўспамінамі пра сваё пяцідзённае пілігрымаванне па Рыме, Ларэта і Асізі, назваўшы выступленне ва Усходнім інстытуце ягоным апошнім этапам. Ён расказаў пра малітву ў святых месцах і сустрэчы з блізкімі яму людзьмі, найперш з Папам Львом XIV, і ўспомніў пра брацкія стасункі з Папам Францішкам. Патрыярх узнёс падзяку Богу і з удзячнасцю ўспомніў Афінагора, які адыграў важную ролю ў збліжэнні Цэркваў, а таксама памаліўся за адзінства хрысціянаў і будучыню інстытуту.

https://www.vaticannews.va/ru/church/news/2026-10/papskij-vostochnyj-institut-privetstvoval-svoego-vypusknika.html