НОЧ (НЕ)РАССТРАЛЯНЫХ ПАЭТАЎ 29 кастрычніка | БеластокУ Беластоку, каля консульства Беларусі, мы зно…

Беларусы Замежжа

НОЧ (НЕ)РАССТРАЛЯНЫХ ПАЭТАЎ
29 кастрычніка | Беласток

У Беластоку, каля консульства Беларусі, мы зноў сабраліся, каб ушанаваць памяць тых, каго спрабавалі прымусіць замаўчаць назаўсёды.

29 кастрычніка 1937 года — чорная дата ў гісторыі Беларусі.

У ноч на 30 кастрычніка ў мінскай турме НКУС былі расстраляныя больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі — паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, дзеячаў культуры.

Іх забівалі за думкі, за слова, за любоў да Беларусі. Разам з людзьмі спрабавалі знішчыць нашу мову, культуру і нацыянальную памяць.

Прайшлі дзесяцігоддзі, але рэпрэсіі не засталіся толькі ў падручніках гісторыі.

Сёння беларускія творцы зноў сутыкаюцца з пераследам. Адны апынуліся за кратамі, іншыя былі вымушаныя пакінуць радзіму. Мы памятаем і пра тых, каго ўжо няма з намі, — Алеся Пушкіна, Рамана Бандарэнку, Вітольда Ашурка.

Змяніліся часы, але не знікла імкненне прымусіць свабоднае слова маўчаць.

І ўсё ж беларуская культура жыве.
Гучаць вершы. Захоўваецца памяць. Новыя пакаленні адкрываюць для сябе імёны тых, каго спрабавалі выкрасліць з гісторыі.

Сёння мы чыталі іх вершы не толькі дзеля мінулага, але і дзеля будучыні. Каб памятаць, хто мы, адкуль нашы карані і чаму так важна берагчы сваю культуру.

Можна забіць чалавека, але немагчыма расстраляць памяць пра яго.

Дзякуй за салідарнасць, за неабыякавасць і за тое, што нават удалечыні ад радзімы мы застаёмся разам і не дазваляем забыць пра Беларусь.

Пакуль гучаць іх вершы — жыве памяць.
Пакуль мы памятаем — яны з намі.

ЗАБІТЫЯ, АЛЕ НЕ ЗАБЫТЫЯ!

Жыве Беларусь!

Беларусы Замежжа | Даслаць навіну