Эпізод 42, 2026. Прытча пра сейбіта: Ці ёсьць у нашым сэрцы месца для Божага слова? У нядзельным чы…

Грэка-католікі Беларусі #Царква

Эпізод 42, 2026. Прытча пра сейбіта: Ці ёсьць у нашым сэрцы месца для Божага слова?

У нядзельным чытаньні з Евангельля паводле Лукі (Лк 8:5-15) 18 кастрычніка 2026 г. мы пачуем прытчу пра сейбіта, які выйшаў сеяць зерне. Адно ўпала пры дарозе, другое — на камяністую глебу, трэцяе — сярод церняў, а чацьвертае — на добрую зямлю, дзе прынесла багаты плён.

Гэтыя чатыры віды зямлі нагадваюць нам пра розныя станы нашага сэрца:

Часам мы чуем словы Ісуса пра прабачэньне, але працягваем трымацца за крыўду.

Часам Ягонае слова кранае нас і абуджае жаданьне зьмяніць жыцьцё, але ўжо празь некалькі дзён мы вяртаемся да старых звычак.

А часам добрыя намеры паступова заглушаюцца штодзённымі клопатамі, і для Бога ў нашым жыцьці застаецца ўсё менш месца.

Але ці мусім мы назаўсёды заставацца камяністай зямлёй або глебай, зарослай цернямі? Божае слова можа дапамагчы нам перамяніць нашае сэрца, вызваліцца ад таго, што перашкаджае духоўнаму росту, і навучыцца прыносіць добры плён.

Евангельская прытча нагадвае нам, што сапраўднае духоўнае жыцьцё — гэта не аднаразовы парыў і не кароткае натхненьне, а штодзённы шлях вернасьці, цярплівасьці і перамены сэрца.

Ці ёсьць у нашым сэрцы месца для Божага слова? І ці гатовыя мы захоўваць яго і жыць паводле яго ня толькі сёньня, але і кожны наступны дзень?

Разважаем разам з грэка-каталіцкім сьвятаром Янам Майсейчыкам. На прыканцы выпуску памолімся разам малітвай «Ойча наш» і паслухаем першы псальм, які нагадвае пра чалавека, што знаходзіць радасьць у Божым Законе і, нібы дрэва, пасаджанае каля водных плыняў, прыносіць свой плён у свой час.

https://www.carkva.be/podcast/episode-2026-42/

Эпізод 2026.42 Прытча пра сейбіта: Ці ёсьць у нашым сэрцы месца для Божага слова? – Беларуская парафія ў Бельгіі

2026.42 «Малітоўны перапынак» — Прытча пра сейбіта (Лк 8:5–15). Ці ёсьць у нашым сэрцы месца для Божага слова? Як перамяніць сэрца і навучыцца прыносіць духоўны плён?