
15 верасьня – успамін Бабровіцкай трагедыі, што адбылася 15 верасьня 1942 году падчас нацысцкай карнай аперацыі «Балотная ліхарадка», калі нямецкія карнікі спалілі вёскі Бабровічы, Вяда, Тупічыцы і Красьніца (Івацэвіцкі раён Берасьцейскай вобласьці) і зьнішчылі амаль усіх жыхароў. У міжваенны перыяд старажытная вёска Бабровічы і суседнія вёскі Вяда, Тупічыцы, Красьніца з навакольнымі хутарамі складалі Бабровіцкую ўніяцкую парафію. Яна была адным з асяродкаў адраджэньня Уніі на Палесьсі.
Доўгі час душпастырам у Бабровічах быў вядомы беларускі рэлігійны і культурны дзеяч, уніяцкі сьвятар Баляслаў Пачопка. Ён шмат зрабіў для мясцовых жыхароў разам з сваёй жонкай Марцыянай, уласнымі рукамі пабудаваў у Бабровічах новую царкву, але памёр яшчэ да гэтых страшных падзей – 26 сьнежня 1940 году (пахаваны ў суседніх Целяханах).