Вытокі гэтага свята сягаюць глыбокай старажытнасці. Усходняя традыцыя, блізкая грэка-каталіцкай духоўнасці, называе гэтую падзею «Успеннем» (па-грэчаску Koimesis — «засынанне»). Хоць Новы Запавет не змяшчае прамых апісанняў смерці ці ўзяцця Марыі на неба, вера ў гэтую таямніцу заўсёды грунтавалася на Апостальскай Традыцыі.
У першыя стагоддзі хрысціянства ўшанаванне памяці Марыі развівалася праз будаўніцтва храмаў у яе гонар і ўсталяванне літургічных успамінаў. Ужо ў V–VI стагоддзях свята Успення было шырока распаўсюджана на Усходзе, а пазней — і на Захадзе. 1 лістапада 1950 года Папа Пій XII у апостальскай канстытуцыі Munificentissimus Deus урачыста абвясціў Узяцце Марыі ў неба догматам каталіцкай веры.
Свята Успення мае глыбокае багаслоўскае значэнне. Марыя называецца «найвышэйшым плодам адкуплення». Яе ўзяцце ў неба з’яўляецца найвышэйшым сведчаннем плённасці збаўчай справы Хрыста. Марыя з’яўляецца «эсхаталагічнай іконай» Царквы — яна ўжо валодае тым, да чаго ўся Царква імкнецца і на што спадзяецца. Яе ўзяцце ў неба — гэта залог нашага будучага ўдзелу ў вечнай хвале.
Гэтае свята падкрэслівае непарыўную сувязь Марыі з лёсам Яе Сына. Паколькі Яна была дасканала з’яднаная з жыццём і збаўчай місіяй Ісуса, Яна падзяляе Яго перамогу над смерцю.
Свята Успення — гэта не толькі ўспамін мінулай падзеі, але і жывая надзея для кожнага верніка. Яно нагадвае нам, што ў Хрысце смерць пераможаная, і што кожны, хто верна ідзе за Ім, мае абяцанне ўваскрасення і вечнага жыцця.
Дзіўныя Твае тайны, Багародзіца! Будучы пасадам Усявышняга, Ты, Уладарка, пераставілася сёння з зямлі на неба. Вялікая слава Твая ззяе боскімі цудамі. Устаньце, дзевы, і ўзыдзіце на вышыню да Маці Ўладара, усклікаючы: “Поўная ласкі, радуйся, з Табою Госпад, які дае свету багацце змілавання”.