Перамяненьне — адно з найбольшых сьвятаў Гасподніх у царкоўным календары. Першыя пачалі сьвяткаваць…

Грэка-католікі Беларусі #Царква

Перамяненьне — адно з найбольшых сьвятаў Гасподніх у царкоўным календары. Першыя пачалі сьвяткаваць яго цэрквы ў Палестыне. Адтуль яно пашырылася па ўсім хрысьціянскім Усходзе, дзе яно было добра вядомае не пазьней як у канцы V ст. У VIII ст. сьвятыя Кузьма і Ян Дамаскін напісалі каноны ў гонар Перамяненьня. На Захадзе гэтае сьвята было афіцыйна ўстаноўленае толькі ў 1457 г. папам Калікстам III і ніколі не атрымала такога значэньня як на Ўсходзе.

Евангельле кажа пра Перамяненьне коратка: «Праз шэсьць дзён Ісус узяў з сабою Пётру, Якуба і ягонага брата Яна, і завёў іх на высокую гару. Там Ён перамяніўся перад імі. Твар Ягоны зазьзяў, быццам сонца, а вопратка стала белая, як сьвятло. I вось зьявіліся Майсей і Ільля і размаўлялі з Ім… Сьветлая хмара агарнула іх, а з хмары пачуўся голас. Гэта Сын Мой любы, якога Я ўспадабаў. Яго слухайце!» (Мц 17.1-3, 5).

Перамяненьне мае шмат супольнага з сьвятам Хрышчэньня. У абодвух выпадках Хрыстос паказаў Сябе тым, кім Ён ёсьць — спрадвечным Богам, і Ягоная Боскасьць была пацьверджаная голасам з гары: «Гэта Сын мой любы».

Хрышчэньне Ісуса адбылося на пачатку Ягонага публічнага служэньня, Перамяненьне — незадоўга да Ягоных мукаў і крыжовай сьмерці. Падчас хросту Ян Хрысьціцель сьведчыў аб Ім, што Ён — чаканы Збаўца і Адкупіцель сьвету. У час Перамяненьня прысутныя Ільля і Майсей сьведчылі, што Хрыстос — спаўненьне старазапаветных прароцтваў і Закону. Прарок Ільля, як вядома, быў узьняты жывым у неба, Майсей быў прадстаўніком старазапаветных праведнікаў, якія ў апраметнай чакалі прыйсьця Хрыста, а апосталы прадстаўлялі зямное чалавецтва. Такім чынам, у Перамяненьні Хрыстос явіў Сябе Ўладаром і Госпадам усяго стварэньня. Пра само Боскае зьзяньне, у якім явіўся Хрыстос, Евангельле гаворыць вельмі мала. Відаць, апісаць яго нашымі словамі немагчыма. На ютрані ў сьвята Перамяненьня Царква сьпявае: «Некалі твар Майсея зьзяў славаю, бо ён цьмяна бачыў Бога. А Хрыстос пакрывае Сябе зьзяньнем славы быццам вопраткаю. Як Творца сьвятла, Ён прасьвятляе тых, што пяюць: Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!»

У Перамяненьні Хрыстос адкрыў вучням вечную і непрамінальную рэальнасьць, што пераўзыходзіць бачную рэальнасьць гэтага сьвету. Гэтым самым Ён умацаваў іхнюю веру, каб ім не ўсумніцца і не пахіснуцца ў часе выпрабаваньняў, якія іх чакалі. Пра гэта ясна гаворыцца ў гімне (кандаку) на сьвята: «Перамяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, і вучні Твае ўбачылі славу Тваю, наколькі ім магчыма было, каб пасьля, бачыўшы Цябе ўкрыжаванага, маглі зразумець Твае дабравольныя цярпеньні і аб’явіць сьвету, што Ты сапраўды зьзяньне Айца».

Перамяненьне Хрыстовае мае для нас іншае, асаблівае, значэньне. У Перамяненьні Госпад паказаў красу чалавечае прыроды, злучанай з Боствам. Успрыняўшы нашую прыроду, Ён абагавіў яе і паклікаў нас усіх да ўдзелу ў Боскім жыцьці. Такім чынам, Перамяненьне Хрыстовае ёсьць і нашым перамяненьнем, бо і нашая прырода будзе прасьветленая зьзяньнем Боства пасьля Ягонага другога прыйсьця. Але для гэтага і нам трэба ўзысьці на «сьвятую гару», і пераадолець шмат цяжкасьцяў. I ў гэтыя цяжкія хвіліны нам, як некалі апосталам, прыйдзе на дапамогу непахісная вера і ўпэўненасьць у той рэальнасьці, да якой кліча нас Госпад. Сьвята Перамяненьня вельмі дарагое для беларусаў. У гэты дзень, 6 жніўня 1517 г., Францішак Скарына выдаў сваю першую кнігу, Псалтыр, даносячы такім чынам да нашага народу Слова Божае на зразумелай роднай мове.

Ужо ў нашыя дні, 6 жніўня 1990 году, у Менску адбылося сьвята Уніі. У сапраўднасьці гэта было сьвята адраджэньня Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы пасьля доўгага перыяду перасьледаў і вынішчэньня.

Паводле а. Аляксандра Надсана.