
Нарадзіўшыся ў Гародзеі каля Нясьвіжу ў 1926 годзе, у настаўніцкай сям’і Антона і Ганны Бочкаў, юнаком ён прайшоў праз складаныя выпрабаваньні Другой сусьветнай вайны, вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Нясьвіжы, ваяваў у арміі ген. Андэрса, быў паранены, меў узнагароды за змаганьне з нацызмам. Апынуўшыся ў эміграцыі, ён скончыў матэматычны факультэт Лонданскага ўніверсітэту (1947–1953), а затым 6 гадоў навучаўся ў Рыме ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце і Грэцкім калегіюме сьв. Апанаса. Гэты перыяд а. Аляксандар Надсан называў самым шчасьлівым у сваім жыцьці. На гэты ягоны жыцьцёвы выбар у значнай ступені паўплываў беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч. 23 лістапада 1958 году ў Рыме ён быў высьвячаны на сьвятара.