Найвялебнаму біскупу сеньёру Аляксандру Кашкевічу
Найвялебны Уладыка Аляксандр!
Ад імя ўсіх грэка-каталікоў Беларусі, і асабліва грэка-каталікоў Гарадзеншчыны, віншуем Вас з 50-годдзем святарскіх свячанняў і 35-годдзем біскупскай сакры.
Напрацягу 30 год Вашага архіпастырскага служэння на чале Гродзенскай дыяцэзіі вернікі і духавенства Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы адчувалі Вашую падтрымку, неаднаразова Вы аказвалі дапамогу нашым супольнасцям і святарам. Дзякуем Вам, Уладыка, за магчымасць маліцца ў рыма-каталіцкіх святынях падчас шматлюдных святкаванняў, урачыстага здзяйснення Святых Тайнаў і ў іншых патрэбах.
З асаблівай цеплынёй згадваем супольнае святкаванне ўрачыстасці Сятога Язафата, архібіскупа Полацкага, у 2006 годзе, калі каталікі абодвух абрадаў начале з Вамі маліліся разам у капліцы парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў гарадзенскім раёне Дзевятоўка. Гэта быў адзін з важных момантаў, які сведчыць, што рыма- і грэка-каталікі жывуць на Гарадзеншчыне ў сапраўднай братэрскай сулучнасці.
Мы таксама ўдзячны Вам за пашырэнне культу Барунскага і Жыровіцкага (яго слонімскай копіі) абразоў Маці Божай, адвеку шанаваных грэка-каталікамі. У апошнія дзесяцігоддзі гэтамі святынямі апякуюцца рыма-каталіцкія святары.
Жадаем Вам Божага блаславення ў Вашым сённяшнім служэнні, апекі Маці Божай Вострабрамскай – Маці Міласэрнасці – ды ласкі Духа Святога!
На многія леты!
+Архімандрыт Сяргей (Гаек),
Апостальскі адміністратар
для грэка-католікаў у Беларусі
айцец Андрэй Крот, протапрэзбітар
Заходняга дэканата БГКЦ