Паводле свайго паходжання гэты пост старажытны, але першапачаткова не быў звязаны з вярхоўнымі апосталамі. Ён называўся Постам Пяцідзясятніцы. Першыя згадкі пра яго датуюцца IV стагоддзем. Пра гэты пост згадваюць Айцы Царквы Апанас Вялікі, Амброзій Медыяланскі, Тэадарыт Кірскі, а таксама Леў Вялікі.
З цягам часу ў Посце Пяцідзясятніцы ўсё большы акцэнт рабіўся на яго сувязі з апосталамі. Гэтаму спрыяла будаўніцтва храмаў святых Пятра і Паўла ў Рыме і Канстанцінопалі. Узвядзенне і асвячэнне апошняга завяршылася ўсенароднай урачыстасцю, якая прыпала на 29 чэрвеня. Адпаведна, падрыхтоўчы перыяд, што ёй папярэднічаў, быў злучаны з ужо існуючым у гэты час постам. Так замацавалася назва Апостальскага посту.
Пятроўскі пост не настолькі строгі, як Вялікі. Прадпісанні адносна яго адрозніваюцца ў розных Цэрквах. Ён запрашае хрысціян да наследавання жыцця апосталаў, якія пасля прыняцця Святога Духа ў дзень Пяцідзясятніцы рыхтаваліся да сваёй місіі праз пост і малітву. Гэта час для паглыблення веры, пакаяння і сведчання аб Хрысце, падобна таму, як гэта рабілі Пётр, які вызнаў боскасць Хрыста, і Павел, які абвясціў гэтую веру да краёў зямлі.