Узнясенне Ісуса Хрыста адзначае завяршэнне Яго зямнога служэння і вяртанне ў нябесную славу

Грэка-католікі Беларусі #Царква

Узнясенне Госпада нашага Ісуса Хрыста — урачыстае свята, якое адзначае завяршэнне зямнога служэння Ісуса Хрыста і Яго вяртанне ў нябесную славу да Айца. Гэтая падзея з’яўляецца не проста развітаннем, але момантам найвышэйшага ўслаўлення чалавечай прыроды, якую Хрыстос прынёс у самае сэрца Бога.

Узнясенне адбылося на саракавы дзень пасля Уваскрасення Хрыста. Паводле Святога Пісання, Ісус вывеў сваіх вучняў на Аліўную гару каля Віфаніі і, падняўшы рукі, блаславіў іх. У той час як Ён бласлаўляў іх, Ён пачаў аддаляцца і быў узняты на неба, пакуль воблака не закрыла Яго ад іх вачэй.

З Узнясеннем наша чалавечая прырода ў Хрысце была ўзнята да Бога. Як спяваецца ў Вячэрні свята, “прыроду Адама, якая ўпала ў зямную бездань, Ты, Божа, аднавіў у Сабе і сёння ўзнёс вышэй за ўсе сілы і пачаткі. Палюбіўшы яе, Ты ў міласэрнасці Сваёй з’яднаў яе з Сабою”.

Хрыстос не пакінуў нас, але стаў прысутным новым спосабам. Цяпер Ён не абмежаваны канкрэтным месцам, але знаходзіцца побач з кожным чалавекам у любы час.

Седзячы праваруч Айца, Хрыстос з’яўляецца нашым вечным Першасвятаром і Заступнікам, Які заўсёды заступаецца за нас.

Традыцыйна Узнясенне святкуецца ў чацвер пасля Нядзелі Слепанароджанага, што адпавядае сарака дням, згаданым у Дзеях Апосталаў.

Гэтае свята таксама з’яўляецца часам надзеі, бо анёлы абяцалі апосталам, што Ісус вернецца такім жа чынам, як яны бачылі Яго ўзыходзячым на неба.

Узнясенне непасрэдна звязана з місіяй Царквы. Перад тым як узысці на неба, Ісус даў сваім вучням даручэнне: «Ідзіце і навучайце ўсе народы… вучачы іх захоўваць усё, што Я загадаў вам». Ён абяцаў паслаць Святога Духа, які дасць ім сілу быць Яго сведкамі «аж да краю зямлі».