Злы Д’ябал спакушае нас праз нагадванне пра грахі, але Божая Міласэрнасць дае надзею

Грэка-католікі Беларусі #Царква

Хлусня Злога

Д’ябал спакушае нас многімі спосабамі. Адзін з распаўсюджаных метадаў, якім ён любіць нападаць на нас, — гэта нагадванне пра нашы грахі, у тым ліку і пра тыя, у якіх мы ўжо пакаяліся. Ён прагне пераканаць нас, што мы на памылковым шляху, што мы не падабаемся Богу, што мы ілгуны і грэшнікі. І хоць гэта праўда, што мы грэшныя, Злы заўсёды адмаўляецца бачыць наш грэх праз прызму Божай Міласэрнасці.

Каб перамагчы яго падступныя спакусы, пакуль ён нагадвае нам пра нашы грахі, нам трэба толькі нагадаць сабе пра Міласэрнасць Ісуса. Калі мы ўглядзімся ў Яго, у нас знікне страх прызнацца ў сваім граху. Гэты акт сумленнасці не выкліча трывогі, адчаю ці сумневаў, чаго так жадае д’ябал. Наадварот, прызнанне нашага граху ў святле Божай Міласэрнасці адновіць нашы сілы і ўздыме наш дух, напаўняючы яго бязмежнай надзеяй.

Паразважай над тым, якімі спосабамі Злы можа спакушаць нас да адчаю з-за нашых грахоў. Сумаваць з-за сваіх грахоў — гэта добры і здаровы ўчынак, але ён ніколі не павінен пераходзіць у адчай. Хрысціянскі жаль вядзе да Божай Міласэрнасці, а пакаянне, якое вы адчуваеце ў гэтым святым акце, здымае ваш цяжар і напаўняе вас радасцю.

Дарагі Госпадзе, вызвалі мяне ад падману і нападаў Лукавага. Захавай мяне, Божа, і дапамажы мне ніколі не забываць пра бязмежнасць Тваёй Міласэрнасці. Дапамажы мне, бачачы гэтую Міласэрнасць, штодня каяцца ў сваіх грахах, каб адабраць у злога ўсю зброю ягонай злосці.