9 мая ў візантыйскай традыцыі адзначаецца свята перанясення мошчаў святога Мікалая Цудатворцы ў Бары

Грэка-католікі Беларусі #Царква

У візантыйскай традыцыі 9 мая адзначаецца свята перанясення мошчаў святога Мікалая Цудатворцы з Міраў Лікійскіх (сучасная Турцыя) у італьянскі горад Бары, у славянскай традыцыі яно вядомае таксама як «летні Мікалай». Гэтая падзея, якая адбылася ў 1087 годзе, не толькі захавала мошчы святога ад знішчэння, але і зрабіла горад Бары адным з найбуйнейшых цэнтраў паломніцтва, які аб’ядноўвае хрысціян Усходу і Захаду.

Святы Мікалай, біскуп Мір Лікійскіх, памёр у сярэдзіне IV стагоддзя і быў пахаваны ў сваім катэдральным горадзе. У XI стагоддзі, з-за пагрозы мусульманскага нашэсця і заняпаду візантыйскага кантролю над рэгіёнам, італьянскія купцы з Бары вырашылі выратаваць мошчы святога. У 1087 годзе яны прыбылі ў Міры, забралі рэліквіі і 9 мая даставілі іх у Бары. Для захавання мошчаў была пабудавана велічная базіліка Сан-Нікола, якую асвяціў Папа Урбан II.

Святы Мікалай шануецца як «будаўнік адзінства». Горад Бары стаў месцам, дзе сустракаюцца дзве традыцыі — усходняя і заходняя. Папа Ян Павел II падкрэсліваў, што перанясенне мошчаў зрабіла святога Мікалая «красамоўным знакам прымірэння».