Маліцца «няспынна» можа падацца немагчымай задачай. Ці сапраўды гэта магчыма? Няўжо Бог чакае гэтага ад нас? Безумоўна, гэта магчыма, і Ён безумоўна гэтага чакае.
Не, нас не заклікаюць праводзіць увесь дзень, кожны дзень, у храме за малітвай. Нават тыя, хто пакліканы да затворніцкага манаскага жыцця, не робяць гэтага. Але маліцца няспынна — гэта неабходнасць. Гэта проста азначае, што мы развілі ў сабе такую звычку блізкасці да Бога, што нашыя сэрцы заўсёды знаходзяцца з Ім. Мы заўсёды ўважлівыя да Яго прысутнасці і заўсёды знаходзімся ў яднанні з Яго ласкай. Калі мы выхаваем у сабе гэтую ўнутраную любоў да Бога, мы будзем маліцца няспынна.
Паразважай над сваім днём. Што часцей за ўсё займае твае думкі і сэрца? Ці не марнуеш ты занадта шмат часу на мары пра рэчы, якія не маюць нічога агульнага з нашым Госпадам і тым планам, які Ён мае для цябе?
Працуй над тым, каб малітва стала тваёй звычкай. Маліся шчыра і з усяго сэрца ў розныя моманты дня, аддаючы малітве ўсю сваю ўвагу. А потым, на працягу ўсяго дня, старайся дазволіць гэтым хвілінам малітвы падтрымліваць цябе і заставацца з табою, суправаджаючы цябе ва ўсім, што б ты ні рабіў.