РАЗВІТАЛЬНАЕ СЛОВА архімандрыта Сяргея, Апостальскага Адміністратара для грэка-католікаў Беларусі, н…
Пінск – Шэрашава 12.02.2026
Высокадастойны Біскуп Казімір!
Ісус Хрыстос, Збавіцель наш, Першасвятар і Госпад Царквы паклікаў Цябе да Нябеснага Валадарства.
Твой адыход да дому Айца стаў для нас балючым, але прымаем гэта як знак, што Госпад палічыў дастатковым Твой мужны, нястомны “архіпастырскі подзвіг” тут, на Беларускай Зямлі.
Высокадастойны Уладыка Казімір, як святар і біскуп Царквы Каталіцкай (Паўсюднай), Ты служыў з запалам сапраўды каталіцкім, усім, хто Тваёй пастырскай апекі ды падтрымкі патрабаваў, у тым ліку грэка-католікам. Служыў з надзеяй нязломнай, якая падтрымлівала надзею знявераных вернікаў.
У гэтыя дні Гомель – Пінск – Шэрашава вернікам грэка-каталіцкіх парафій і супонасцей у Беларусі даюць магчымасць падзякаваць Госпаду за Тваю нястомную пастырскую падтрымку, аказанную грэка-католікам Беларусі, пачынаючы ад часу адраджэння грэка-каталіцкіх парафій (у дзевяностыя гады мінулага стагоддзя), асабліва ў Баранавічах і Брэсце.
Гэтую падтымку ў Гомелі Ты, Эксцэленцыя, Дарагі Біскуп Казімір, аказваў да апошняга дня свайго зямнога служэння.
Малітвамі Маці Божай Брэсцкай, святога Казіміра і святога Андрэя Баболі – хай Міласэрны Хрыстос прыме Тваю душу ў Нябеснае Валадарства.
А цела Тваё з пашанай давераем шэрашаўскай зямлі, на якой праз стагоддзі вернікі двух абрадаў: лацінскага і грэцкага згодна праслаўлялі Хрыста.
Словы падзякі і развітання суправаджаем нашай гарачай малітвай.
Вечная Табе памяць, Уладыка Казімір, ды блаславёны супакой!
+Архімандрыт Сяргей (Гаек)
Апостальскі Адміністратар для грэка-католікаў Беларусі
Мінск, 12 лютага 2026 г.