Як знайшлі найлепшы манускрыпт Бібліі?Рукапісы, на жаль, гараць. А яшчэ яны гінуць ад сырасці і цві…

Як знайшлі найлепшы манускрыпт Бібліі?

Рукапісы, на жаль, гараць. А яшчэ яны гінуць ад сырасці і цвілі, іх выкрадаюць і знішчаюць, а часам і проста губляюць. Таму самы надзейны спосаб захаваць тэкст рукапісу — зрабіць з яго як мага больш копій. Цяпер гэта нескладана, а вось у старажытнасці, калі любы тэкст перапісвалі ад рукі на пергаменце, усё было нашмат цяжэй. Але менавіта так дайшла да нас Біблія — яе перапісвалі вельмі шмат разоў. Аднак здараліся выпадкі, калі навукоўцы знаходзілі манускрыпты з біблейскім тэкстам, якія цудам захаваліся на працягу многіх стагоддзяў.

Менавіта так было ў 1844 годзе, калі нямецкі біблеіст Канстанцін фон Тышэндорф (Constantin von Tischendorf) падарожнічаў па Усходзе ў пошуках старажытнасцей і наведаў праваслаўны манастыр Святой Кацярыны на гары Сінай. Там навуковец убачыў кошык з нейкімі старымі скруткамі, якія манахі збіраліся спаліць за непатрэбнасцю. Тышэндорф адразу ж зразумеў, што перад ім старажытны біблейскі манускрыпт. Ён набыў аркушы рукапісу і вывез іх у Лейпцыг. У наступным 1845 годзе на Сінай прыбыў рускі арыенталіст архімандрыт Парфірый Успенскі, які знайшоў астатнія часткі рукапісу. Навукоўцы не маглі паверыць сваім вачам. Перад імі быў кодэкс (кніга) IV стагоддзя, які змяшчаў значную частку Старога Запавету, увесь Новы Запавет і некалькі раннехрысціянскіх тэкстаў.

Кодэкс (так сталі называць рукапіс) быў вывезены ў Расію і пры падтрымцы імператара Аляксандра II выдадзены пад назвай «Кодэкс Сінайскі—Пецярбургскі». У 1933 годзе бальшавікі прадалі Сінайскі кодэкс у Англію. У 1975 годзе ў Сінайскім манастыры былі знойдзены яшчэ дванаццаць аркушаў кодэкса.

Сёння Сінайскі кодэкс лічыцца найлепшым старажытным рукапісам Бібліі. У навуковай літаратуры ён пазначаецца нумарам 01 або першай літарай яўрэйскага алфавіту א (алеф). У 2008–2009 гадах Сінайскі кодэкс быў цалкам апублікаваны ў Інтэрнэце (https://www.codexsinaiticus.org).