15 лістапада распачынаецца перадсвяточны пост Піліпаўка. Увесь калядны пост у нас доўжыцца поўных с…

15 лістапада распачынаецца перадсвяточны пост Піліпаўка. Увесь калядны пост у нас доўжыцца поўных сорак дзён — з 15 лістапада па 24 снежня — якія, у сваю чаргу, дзеляцца на дзве часткі: лістападаўскую (16 дзён) і снежаньскую (24 дні). Паміж гэтымі дзвюма часткамі ёсць пэўныя адрозненні.

Сёлета першы дзень прыпадае на суботу. Уласна, у літургічным кантэксце суботы і нядзелі ўключаны ў пост, але ў той жа час выведзеныя са строгага посту, бо ў суботу і нядзелю традыцыйна не пасцілі. Гэта звязана з тым, што субота — біблейскі дзень адпачынку, а нядзеля — дзень святкавання Уваскрасення Хрыстовага.

Калядны пост, у адрозненне ад Вялікага, не мае такога драматычнага перыяду, як Страсны тыдзень. Хоць і тут ёсць асаблівы апошні тыдзень падрыхтоўкі да Калядаў, усё ж ён не настолькі эмацыйна насычаны. Яго галоўная мэта — дапамагчы паглыбіцца ў асэнсаванне таго, што адбываецца ў свяце Нараджэння Хрыстовага ці Богаяўлення (бо першапачаткова галоўным было менавіта свята Богаяўлення): Бог становіцца чалавекам. Гэта — цэнтр разважанняў гэтага перыяду.

Гэты пост — гэта не проста час устрымання ад мяса ці забаў, а найперш намаганне, каб асэнсаваць уцелаўленне Бога ў свеце. Гэта і ёсць сапраўдная мэта перыяду падрыхтоўкі да Калядаў, як і, урэшце, кожнага посту. Калядны пост, можна сказаць, з’яўляецца такім своеасаблівым перыядам медытацыі — часам, які мы вызваляем ад штодзённых клопатаў менавіта для таго, каб паглыбіць свае веды, асэнсаваць вопыт Бога ў сваім жыцці, зразумець узровень сваіх адносін з Богам. Бо Ён нараджаецца якраз для таго, каб зноў наладзіць з намі адносіны, адносіны асэнсаваныя, адносіны на ўзроўні ведання.