Што значыць «Біблія»?Слова «Біблія» паходзіць ад старажытнагрэчаскага «τὰ βιβλία», што значыць «кніг…

Слова «Біблія» паходзіць ад старажытнагрэчаскага «τὰ βιβλία», што значыць «кнігі». Аднак ніякіх кніг у нашым разуменні ў тыя часы не было, як не было і паперы. Тэксты ва ўсходнім Міжземнамор’і пісалі ў асноўным на папірусе — балотнай расліне, якую збіралі ў Егіпце. Папірус асаблівым чынам апрацоўвалі і выкарыстоўвалі для пісьма ў выглядзе скруткаў. Іх у Грэцыю везлі праз фінікійскі горад Бібл (цяперашні горад Джэбейль, размешчаны непадалёк ад ліванскай сталіцы Бейрута), буйны гандлёвы цэнтр свайго часу. Гэтыя скруткі так і называлі «біблскімі», «τὰ βιβλία». У эліністычную эпоху яўрэі, якія жылі за межамі сваёй краіны і гаварылі ў асноўным па-старажытнагрэчаску, сталі называць гэтым словам кнігі Свяшчэннага Пісання.
Першым хрысціянскім аўтарам, які назваў словам «Біблія» Свяшчэннае Пісанне як Старога, так і Новага Запавету, быў Канстанцінопальскі архібіскуп Ян Залатавусны. Гэта адбылося прыкладна ў 386–388 годзе.