26 кастрычніка 1693 года ў Супраслі на 58-м годзе жыцця памёр Кіпрыян Жахоўскі, мітрапаліт Кіеўскі,…
Як мітрапаліт ён актыўна спрыяў умацаванню Уніяцкай Царквы, змагаўся з лацінізацыяй і паланізацыяй, а таксама развіваў адукацыю і царкоўную адміністрацыю. Яго жыццё было напоўненае рэформамі, барацьбой і абаронай візантыйскага абраду.
Кіпрыян Жахоўскі нарадзіўся прыблізна ў 1635 годзе ў шляхецкай каталіцкай сям’і ў Полацкім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. З юнацтва Кіпрыян адчуваў пакліканне да царкоўнага жыцця і паступіў у Базыльянскі ордэн, дзе адбыў навіцыят у манастыры ў Быцені.
Ён вызначыўся як таленавіты адміністратар: аднаўляў цэрквы і манастыры, вяртаў захопленыя шляхтай царкоўныя землі. З 1667 года служыў памочнікам мітрапаліта Гаўрыіла Календы. 11 лютага 1674 года Кіпрыян стаў мітрапалітам Кіеўскім, Галіцкім і ўсяе Русі, а таксама архіепіскапам Полацкім.
Дзейнасць Жахоўскага па пашырэнню уніі схіліла да пераходу на унію Перамышльскую, Львоўскую і Луцкую епархіі. К. Жахоўскі клапаціўся пра павышэнне ўзроўню адукаванасці духавенства і развіцці сеткі ўніяцкіх школ. Аднавіў семінарыю ў Менску, заснаваную яшчэ мітрапалітам Я. Руцкім.
Мітрапаліт выступаў супраць лацінізацыі ўсходняга абраду, якая адбывалася ў сувязі з уступленнем у базыльянскія манастыры паланізаванай шляхты. У адказ на яго хадайніцтва Рым забараніў лацінізацыю абрадаў. Заснаваў у Супраслі друкарню, якая выпускала служэбнікі і іншыя літургічныя кнігі. Тым самым Жахоўскі спыніў наплыў літургічных кніг з Масквы, а таксама тармазіў працэс лацінізацыі. Гэта вяло да аднастайнасці літургічнай практыкі Царквы.
Кіпрыян Жахоўскі вывеў Уніяцкую Царкву з цяжкага становішча, у якім яна апынулася ў сувязі з войнамі 1648—1667 г.