Што важнейшае — Пісанне ці Традыцыя?Біблія вельмі важная для хрысціян, аднак духоўны досвед хрысціян…

Што важнейшае — Пісанне ці Традыцыя?

Біблія вельмі важная для хрысціян, аднак духоўны досвед хрысціянства відавочна выходзіць за яе межы. Ісус Хрыстос не пакінуў ніякіх запісаў, і мноства першых хрысціян жылі, не маючы Новага Запавету ў тым выглядзе, у якім ён ёсць у нас. Са Старым Запаветам сітуацыя была падобнай: яго склад і нават змест асобных кніг мяняліся з часам. Людзі — спачатку старазапаветная супольнасць, а затым хрысціянская Царква — пазнавалі ў тых ці іншых словах іншых людзей голас Божы і разумелі, што яны належаць да Свяшчэннага Пісання. Гэты працэс не падрывае аўтарытэт Свяшчэннага Пісання. Наадварот, ён з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем боганатхнёнасці Бібліі. Бо людзі, якія шукалі Бога, прызнавалі кнігі часткай Пісання не таму, што яны ім падабаліся, а таму, што яны проста не маглі не ўбачыць у іх Божае Адкрыццё.

Але Бог, яўляючы Сябе людзям, дзейнічаў далёка не толькі праз радкі свяшчэнных кніг. Бо відавочна, што, напрыклад, словы Ісуса Хрыста набылі свой сэнс і значэнне не тады, калі праз дзесяцігоддзі іх па памяці запісалі Яго вучні, а ў момант, калі Ісус вымавіў іх. Тое, што пісалі пра Бога хрысціяне Сярэднявечча ці пазнейшага часу, валодае не меншай каштоўнасцю, чым мудрасць апосталаў Ісуса. Голас Божы можна пачуць не толькі ў словах Пісання: ён гучыць у візантыйскіх іконах і раманскіх саборах, у богаслужбовых спевах і ў жыццяпісах людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу. Усё гэта разам узятае называецца «Свяшчэннай Традыцыяй», гэта значыць сукупным досведам сустрэчы Бога і чалавека, усім, што Бог даў нам.

Біблія — гэта не нешта, паралельнае Традыцыі; але гэта таксама не яе частка, таму што частка заўсёды няпоўная ў параўнанні з цэлым, Біблія нясе ў сабе паўнату Божага Адкрыцця. Свяшчэннае Пісанне — гэта ўнікальнае сведчанне рэальнасці гэтага дыялогу, якое дапамагае хрысціянам пазбегнуць памылак пры ацэнцы свайго духоўнага досведу.