Калі гаворка ідзе пра Багародзічныя святы, то ўжо з 2 ст. Царква актыўна карыстаецца Протаевангеллем…

Калі гаворка ідзе пра Багародзічныя святы, то ўжо з 2 ст. Царква актыўна карыстаецца Протаевангеллем Якуба. Гэта вельмі ранні тэкст, калі ўзяць пад увагу, што першыя евангельскія кнігі паходзяць з канца 1 — пачатку 2 ст., напрыклад, Пасланні апосталаў.

Протаевангелле Якуба расказвае пра дзяцінства Багародзіцы аж да нараджэння Ісуса Хрыста. Менавіта гэты тэкст стаў галоўнай крыніцай, з якой Цэрквы — і Каталіцкая, і Праваслаўныя, і Усходнія (сірыйская, копцкая, армянская традыцыі) — чэрпаюць веды пра жыццё Найсвятой Багародзіцы, яе паходжанне і бацькоў.

Акрамя таго, існуюць і іншыя апакрыфічныя тэксты, у прыватнасці, так званае Апакрыфічнае Евангелле Мацвея. Бо ёсць кананічнае Евангелле паводле Мацвея, а ёсць яшчэ дадатковае, апакрыфічнае, дзе таксама падаюцца асобныя эпізоды з ранняга жыцця Ісуса Хрыста і жыцця Багародзіцы.

Час ад часу ў інфармацыйнай прасторы з’яўляюцца нейкія кнігі, якія падаюцца як «схаваная праўда», якая «ўсё павінна перакрэсліць». Практычна заўсёды гэта тыя, якія Царква адкінула і якія былі прызнаныя фэйкавымі, непраўдзівымі.

Напрыклад, Евангелле паводле Тамаша ўжо ў раннія часы царкоўнай традыцыі лічылася неаўтарытэтным тэкстам. У ім дзе-нідзе факты выкладзены скажона, а таму Царква прызнала яго нават шкодным. Там або інтэрпрэтацыя падзей з жыцця Ісуса Хрыста, або Яго вучэнне пададзены такім чынам, які не адпавядае царкоўнай традыцыі і абвяргаецца на аснове астатняга Святога Пісання.

Інакш кажучы, такія тэксты наўпрост супярэчаць або самому біблейскаму тэксту, або зместу веры, які ў ім выкладзены. Менавіта таму Святое Пісанне і з’яўляецца той меркай, паводле якой правяраецца праўдзівасць усіх іншых дадатковых пісанняў.