
ДУХОЎНАЯ ЛІТАРАТУРА.
СПАДЧЫНА СКАРЫНЫ.
10 верасня 1517 г.
Вышла кніга “Іоў” (“Книга светого Иова починается еже словеть Иовъ”).
Гэта другое вядомае пражскае выданне Францыска Скарыны.
Адкрываецца тытульным лістом з гравюрай, назвай кнігі і вершамі. Змешчана прадмова Францыска Скарыны “Предъсловие в книгу Иовъ”:
“У гэтай кнізе адкрыў нам Бог вялікія тайны праз святога Іова. Найперш, чаму Гасподзь Бог на добрых і праведных напускае беды і немачы, а злым і несправядлівым дае шчасце і здароўе; таксама і пра беднае і гаротнае жыццё чалавечае на гэтым свеце, і пра канец добрых і злых; яшчэ пра тых, хто крыўдзіць бедных, што такім пашле Бог у адплату…”
Выданне вядома ў 2 варыянтах. Мастацкая аздоба – 2 аднолькавыя гравюры “Бічаванне Іова”, змешчана віньетка з ранейшага “Псалтыра”.
Першае ўзгадванне пра кнігу “Іоў” адносіцца да 1783 г..
Усяго вядома 12 экземпляраў “Іова”, з іх толькі 5 поўных.