***Ірад быў вінаваты ў смерці Яна Хрысціцеля, бо ўхваліў ягоную кару. Чалавек, які ўчыніў зло, адчув…

***

Ірад быў вінаваты ў смерці Яна Хрысціцеля, бо ўхваліў ягоную кару. Чалавек, які ўчыніў зло, адчувае, што ўвесь свет робіцца яму ворагам. У глыбіні падсвядомасці, у думках сваіх ён не з’яўляецца поўным гаспадаром, і таму, калі пачынае разважаць, ягоныя думкі вяртаюцца да здзейсненага граху. Ад сябе не ўцячэш: калі ўнутранае “я” пачынае абвінавачваць, жыццё становіцца невыносным. Тады і звонку чалавек жыве ў страху, баючыся выкрыцця, і аднойчы ён сам становіцца ахвярай сваіх злачынстваў.
“Пераследаваны” — вось тое слова, якім можна вызначыць жыццё чалавека, што ўчыніў зло. Калі Ірад Антыпа пачуў пра Ісуса, першай яго думкай было: гэта вярнуўся Ян Хрысціцель, забіты ім, каб адпомсціць. Гэта гісторыя — страшная драма.
Паглядзім на сцэну і звернем увагу на дзеючых асобаў. Шлюбныя повязі сям’і Ірада былі заблытаныя і неверагодныя, а ўзаемаадносіны настолькі складанымі, што амаль немагчыма дакладна іх вызначыць. Калі нарадзіўся Ісус, царстваваў Ірад Вялікі. Гэта ён нясе адказнасць за знішчэнне віфлеемскіх немаўлят (Мц. 2, 16–18). Ірад Вялікі быў шмат разоў жанаты. Ірад Антыпа, герой гэтага апавядання, быў сынам ад чацвёртага шлюбу.
Ірадіяда — дачка Арыстабула, зводнага брата Ірада Антыпы, значыць, яго пляменніца. Яна ж была жонкай іншага брата Антыпы — Ірада Філіпa, і таму станавілася яшчэ і нявесткай. Саломія, іх дачка, была Антыпу і пляменніцай, і ўнукай праз зводныя сувязі.
Узняўшы руку на ўласную нявестку, Ірад Антыпа парушыў юдэйскі закон (Лев. 18, 16; 20, 21) і пераступіў усе межы прыстойнасці і маралі. Менавіта за гэта Ян Хрысціцель смела дакорваў яму. Трэба было мець мужнасць, каб адкрыта асудзіць усходняга деспата, які меў уладу над жыццём і смерцю сваіх падданых.
Ірадіяда ж была нястомна варожая да Яна і цвёрда вырашыла прыбраць яго са шляху. На пір прыйшла яе дачка Саломія і пачала танцаваць. У той час нават у такім грамадстве сольныя танцы лічыліся распуснай і брыдкай пантомімай. Цяжка ўявіць, што прынцэса царскай крыві адважылася так зняважыць сябе. Такія танцы былі справай прастытутак. Ужо сам факт, што яна выйшла з гэтым танцам, стаў злавесным штрыхам у характары і яе самой, і яе маці.
Ірад паўстае перад намі ва ўсёй сваёй супярэчнасці: ён баяўся словаў Яна, але адначасова з асалодай слухаў яго. У чалавеку заўжды змешваюцца розныя, а часам і супрацьлеглыя пачуцці: і добрыя парывы, і грэшныя прагненні. Ірад мог і баяцца Яна, і ненавідзець яго. Ён быў проста чалавекам — слабым, падуладным хвіліне і імпульсу. Не разважыўшы, будучы п’яным, ён даў абяцанне Саломіі. І яшчэ больш — баяўся людской думкі. Таму і стрымаў клятву, каб не выглядаць слабым перад сваімі прыдворнымі, не стаць прадметам іх насмешак і жартаў.
Колькі ж людзей у гісторыі зрабілі тое, пра што горка шкадавалі пасля, толькі таму, што ім не хапіла маральнай смеласці паступіць правільна! Колькі з іх пайшлі на горшыя ўчынкі, чым самі жадалі, бо баяліся кпінаў фальшывых сяброў!
А Ірадіяда прагнула адно: знішчыць чалавека, у якога хапала адвагі нагадаць ёй пра яе грэх. Яна хацела жыць па ўласнай волі, каб ніхто не заклікаў яе да сумлення. Забывалася толькі на адно: нават калі яна не сустрэне Яна — сустрэча з Богам будзе непазбежная.