31 жніўня хрысціяне візантыйскай традыцыі адзначаюць Палажэнне пачэснага пояса Найсвяцейшай Валадар…
Свой пояс, як сцвярджае Паданне, Багародзіца пакінула апосталу Тамашу, што часта адлюстроўваецца на іконах, прысвечаных гэтаму святу. На пачатку V ст. ён быў перанесены з Іерусаліма ў Канстанцінопаль імператарам Аркадзіем і на працягу доўгага часу захоўваўся ў храме Найсвяцейшай Багародзіцы ў Блахерне.
На мяжы ІХ-Х ст., калі Візантыйскай імперыяй кіраваў Леў VІ Філосаф, цяжка захварэла яго жонка Зоя. Паданне расказвае, што яна мела аб’яўленне аб тым, што ацаліцца, калі прыкладзе пояс Багародзіцы да свайго цела. Яго вынялі са спецыяльнага каўчэга і выявілі, што ён захаваўся непашкоджаным. Царыца паклала пояс на хворае цела і, як было ёй раней аб’яўлена, ачуняла.
Вобраз пояса да таго ж мае глыбокі сімвалічны сэнс, укаранёны яшчэ ў Бібліі. Аперазаны стан у Святым Пісанні выражае гатоўнасць да барацьбы, служэння і сілу для іх паспяховага здзяйснення. Таму, адштурхоўваючыся ад пакладзенага ў Блахернскай царкве пояса Багародзіцы, літургічныя тэксты столькі ўвагі надаюць Божай сіле, што ўмацоўвае верных. “Ты Бога моцнага нарадзіла, што ўсіх набожных апярэзвае сілаю, Беззаганная. Таму цябе бласлаўляем і, твой боскі пояс радасна цалуючы, ласку чэрпаем і міласць” (канон Ютрані).