Ці ёсць у Бібліі памылкі? Каб адказаць на гэтае пытанне, важна для пачатку вызначыцца, што мы лічым…
Каб адказаць на гэтае пытанне, важна для пачатку вызначыцца, што мы лічым памылкай. Калі мы кажам, што сонца ўзышло, з пункту гледжання фізікі мы памыляемся — бо гэта Зямля рухаецца адносна Сонца, а не наадварот. Аднак калі мы хочам толькі ўказаць на час сутак, то мы цалкам можам ужыць такі выраз. Магчымасці чалавечай мовы даволі абмежаваныя, калі гаворка ідзе пра пачуцці, перажыванні, духоўны досвед. Якімі словамі расказаць пра надзею і адчай, пра сумненні і любоў? Любы, хто захоча казаць пра такое, сутыкнецца з неабходнасцю звяртацца да гіпербал, параўнанняў і наогул да такога ўжывання слоў, якое не надта суадносіцца з іх прамым сэнсам.
Асаблівасці мовы і кантэксту
Тое, што Бог натхніў стваральнікаў Свяшчэннага Пісання, не азначае, што яны толькі пісалі пад дыктоўку «боскі дыктант». Бог дзейнічаў, ніяк не ўшчамляючы асабістых рыс гэтых людзей; Ён не адмяняў таго моўнага, культурнага і гістарычнага асяроддзя, у якім жылі аўтары Бібліі. Гэтыя людзі прытрымліваліся тых уяўленняў пра будову навакольнага свету, пра падзеі гісторыі, пра нормы грамадскага жыцця, якія былі прыняты ў іхнім свеце. Усё гэта накладала свой адбітак нават на тое, як аўтары Свяшчэннага Пісання казалі пра Бога.
Галоўнае пасланне Бібліі
Аднак ісціна Бібліі заключана не ў тым, якімі сродкамі карысталіся аўтары біблейскіх радкоў; яна — у тым галоўным пасланні, якое яны па Божым натхненні перадавалі сваім сучаснікам і будучым пакаленням. Яго сутнасць у тым, што чалавек не абыякавы Богу; што гісторыя людзей — гэта не проста бессэнсоўная паслядоўнасць падзей, а рух чалавека і Бога насустрач адзін аднаму. Так, шлях пошуку Бога цярністы і поўны памылак і падзенняў. Аднак біблейская гісторыя сведчыць, што Бог ніколі не сыходзіць з яго, яўляючы Сябе людзям кожны раз, калі Ён можа гэта зрабіць, не парушыўшы іх свабоды. Гэта — галоўнае пасланне Бібліі, слова Бога да чалавека, і ў ім змяшчаецца асноўная ісціна хрысціянскай веры.