Каталікі візантыйскага абраду 1 верасня адзначаюць Індыкт, або пачатак новага літургічнага года. І…

Каталікі візантыйскага абраду 1 верасня адзначаюць Індыкт, або пачатак новага літургічнага года.

Індыкт у Рамейскай імперыі называлі пачаткам штогадовай выплаты афіцыйнага падатку дзяржаве. Улічваючы, што ўраджай збіралі восенню, індыкт прыпадаў у большасці куткоў імперыі на верасень.

З 1 ст. пасля Р. Х. фармальнай датай пачатку індыкта было 23 верасня як час восеньскага раўнадзенства і дзень нараджэння рымскага імператара Аўгуста. У V ст. пасля Р. Х. пачатак індыкта зрушваецца на 1 верасня, а пасля ўказа імператара Юстыніяна 537 г. датаваць усе дакументы, адлічваючы ад 1 верасня, гэты дзень пачынае трывала звязвацца з пачаткам новага года.

Царква з IV ст. прымае датаванне па індыктах і, найбольш верагодна, тады ж уключае святкаванне Індыкта ў кола царкоўных згадванняў. Менавіта таму аж да пачатку 2 тыс. датай святкавання Індыкта магло быць як 23, так і 1 верасня.

Улічваючы, што Індыкт галоўным чынам звязаны з выплатай падаткаў, у цэнтры багаслоўскага асэнсавання гэтага свята знаходзяцца словы Пісання: “Дух Гасподні на Мне, бо Ён памазаў Мяне дабравесціць убогім, паслаў Мяне ацаліць скрушаных у сэрцы, абвясціць палонным вызваленне і сляпым відушчасць, адпусціць прыгнечаных на волю, абвясціць год Гасподні спрыяльны” (Іс. 61:1-2 і Лк. 4:18-19). Выбранае для свята чытанне Евангелля паводле Лукі падкрэслівае, што дзень Новага Года павінен стаць днём прабачэння і адпушчэння ўсіх даўгоў, бо кожны раз «сёння» павінна «споўніцца гэтае Пісанне» праз прысутнасць сярод верных Ісуса Хрыста (пар. Лк. 4:21).

У старажытным Канстанцінопалі гэтае свята было асабліва ўрачыстым. Паводле старых патрыяршых тыпіконаў, патрыярх у гэты дзень мог служыць некалькі вячэрніх набажэнстваў запар: спачатку ў Святой Сафіі, далей у іншай царкве, потым — у манастырскім храме ў гонар святога і г. д. Цяпер яно з’яўляецца адным са звычайных свят.

У сучаснай Царкве гэтае свята адзначаецца значна прасцей, чым некалі. Сёння яно хутчэй з’яўляецца данінай традыцыі. Фактычна адлік царкоўнага года пачынаецца святам Нараджэння Найсвятой Багародзіцы, якое з’яўляецца першым вялікім святам літургічнага года. Завяршаецца царкоўны год таксама багародзічным святам — Успеннем Найсвятой Багародзіцы. Затым ідзе яшчэ Адсячэнне галавы Яна Хрысціцеля, але ў цэлым выглядае так, нібы Багародзічныя святы ахопліваюць Гасподнія, і такім чынам увесь літургічны год, ад верасня да жніўня, нібыта замкнёны ў гэты кругазварот.