Вечарам 19 ліпеня 2025 г. у санктуарыюме Маці Божай Гудагайскай, адразу пасьля сьв. Імшы з працэсіяй з копіяй цудатворнай іконы, берасьцейскія грэка-католікі сьпявалі Акафіст да Найсьвяцейшай Багародзіцы.
Гэтае марыйнае набажэнства Ўсходняй Царквы ці не ўпершыню разам з Апостальскім адміністратарам грэка-католікаў у Беларусі Архімандрытам Сяргеем (Гаекам) узначальвалі ажно два біскупы – дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Храм Адведзінаў Найсьвяцейшай Дзевы Марыі быў запоўнены вернікамі двух абрадаў, і многія з іх з радасьцю змаглі далучыцца да супольнага сьпеву ў гонар Багародзіцы.