«Сёньня нас зьбірае разам Маці Божая, прадстаўленая як Апякунка лясоў. Перад іконай, якая будзе асьвячана, мы ўзьнясём нашыя гарачыя малітвы за нашыя сем’і, за нашае грамадзтва, за тых, хто церпіць, хто шукае справядлівасьці, суцяшэньня, дапамогі і бласлаўленьня», — падкрэсьліў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.
Беларусь спакон вякоў славіцца сваімі лясамі і пушчамі, якія зьяўляюцца лёгкімі ўсёй Еўропы. І тое, што абраз Маці Божай Апякункі лясоў будзе знаходзіцца ў менавіта ў Пружане, вельмі сымбалічна, бо горад знаходзіцца на мяжы старадаўніх Белавежскай і Ружанскай пушчаў.
Варта адзначыць таксама, што менавіта тут, у парафіі ў Пружане, у 1939 годзе пачаў свой сьвятарскі шлях і служэньне з шматлікімі выпрабаваньнямі нязломны сьведка веры Казімер Сьвёнтак — будучы архібіскуп і першы ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынал, пры якім адрадзілася Каталіцкая Царква ў Беларусі.