Ева і МарыяГоспад з’явіўся сваёй уласнасці, і яна насіла Яго, хоць Ён сам быў тым, хто яе носіць. Пр…

Ева і Марыя

Госпад з’явіўся сваёй уласнасці, і яна насіла Яго, хоць Ён сам быў тым, хто яе носіць. Праз сваю паслухмянасць, праяўленую на дрэве крыжа, Госпад выправіў даўнюю непаслухмянасць, праяўленую каля дрэва ў раі. Праз тую праўду, якую дзеля дабра анёл дабравесціў ужо заручанай Дзеве Марыі, Госпад скасаваў тое адступніцтва, якому дзеля зла паддалася Ева, якая была дзевай, ужо прызначанай для мужа.

Ева была зведзена мовай анёла, адступілася ад Бога і пайшла насуперак Ягонаму слову. Марыі ж было абвешчана праз мову анёла, і яна зачала Бога, паслухмяная Яго слову. Першая была схілена да непаслухмянасці Богу, а другая – да паслухмянасці Яму. Такім чынам Дзева Марыя стала заступніцай дзевы Евы.

Сабраўшы ў сабе ўсё, Хрыстос стаў на чале ўсяго і абвясціў вайну супраць ворага нашага, і разбіў таго, хто праз Адама калісьці ўзяў нас у няволю, і раструшчыў яму галаву. Гэтак і напісана ў кнізе Быцця, калі Бог сказаў змею: «Устанаўлю варожасць паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж патомствам тваім, і паміж яе патомствам. Ён раструшчыць табе галаву, а ты будзеш джаліць яго пяту» (пар. Быц 3, 15).

Так было прадказана, што з жанчыны Дзевы павінен нарадзіцца на падабенства Адама той, хто раструшчыць галаву змея. І гэта ёсць той нашчадак, пра якога кажа Апостал у пасланні да Галатаў: «Закон быў устаноўлены з прычыны злачынстваў, пакуль не прыйдзе нашчадак, якому было дадзена абяцанне» (пар. Гал 3, 19).

Больш выразна св. Павел паказвае гэта ў тым самым пасланні, кажучы: «Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны» (Гал 4, 4). Вораг не быў бы пераможаны справядліва, калі б чалавек, які яго пераможа, не нарадзіўся ад жанчыны, бо ў пачатку вораг запанаваў над чалавекам праз жанчыну, паставіўшы сябе супраць чалавека.

Дзеля гэтага Госпад і называе самога сябе Сынам Чалавечым, змяшчаючы ў самім сабе таго першага чалавека, з якога паходзіць жанчына, а ад яе – чалавецтва. Як праз перамогу над чалавекам наш род сышоў да смерці, так зноў праз перамогу чалавека мы ўзыдзем да жыцця.

Св. Ірыней Ліёнскі