Ніхто не можа спазнаць Айца без Слова Божага, г. зн. калі не аб’явіцца Сын. Таксама нельга спазнаць …

Ніхто не можа спазнаць Айца без Слова Божага, г. зн. калі не аб’явіцца Сын. Таксама нельга спазнаць Сына без добрай волі Айца. Волю Айца Сын выконвае тым, што, калі Айцец пасылае, Сын падпарадкоўваецца гэтаму і прыходзіць. Толькі Слова Божае ведае нябачнага і неапісальнага для нас Айца. Гэту падвойную праўду адкрыў нам Госпад. Таму Сын праз сваё аб’яўленне дазваляе нам спазнаць Айца. А пазнанне Айца – гэта з’яўленне Сына, бо ўсё становіцца яўным праз Слова.

Айцец адкрыў Сына, каб праз Яго аб’явіцца ўсім і адарыць усіх, хто ў Яго верыць, нятленнасцю і вечным шчасцем. Верыць у Яго – значыць выконваць Яго волю.

Таму Слова праз свой уласны стан адкрывае, што Бог – гэта Стварыцель; праз свет – што Ён Госпад, Стварыцель свету; праз стварэнне – што Ён Здзяйсняльнік гэтага; праз годнасць Сына – што Ён Айцец, Які нарадзіў Сына. Хоць усе разважаюць пра гэта падобным чынам, але не ўсе падобна вераць. Так праз Закон і Прарокаў Слова прадказвала сябе і Айца, і хоць увесь народ слухаў адно і тое ж, аднак не ўсе аднолькава паверылі. Праз тое Слова, якое стала бачным і датыкальным, аб’явіўся Айцец. Хоць не ўсе аднолькава паверылі ў Яго, аднак усе пабачылі Айца ў Сыну. Наколькі Айцец быў нябачнай рэчаіснасцю Сына, настолькі Сын быў бачнай праявай Айца.

Выконваючы волю Айца, Сын выконвае ўсё ад пачатку аж да канца. Без Яго дапамогі ніхто не можа спазнаць Бога. Таму пазнаннем Айца ёсць Сын. Айца ж мы спазнаем дзякуючы аб’яўленню Айца праз Сына. Таму Госпад і сказаў: «Ніхто не ведае Сына, апроч Айца; і Айца ніхто не ведае, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць» (Мц 11, 27). Словы «захоча адкрыць» адносяцца не толькі да будучыні, быццам бы толькі тады Слова пачало адкрываць Бога, калі нарадзілася ад Марыі, але датычыць усіх часоў. Сын, Які ад пачатку спадарожнічае свайму стварэнню, аб’яўляе Айца ўсім, каму Айцец хоча адкрыцца, калі хоча і як хоча. Таму ва ўсім і праз усё ёсць толькі адзін Бог Айцец, адно Слова, Сын і адзін Дух, адно збаўленне для ўсіх, хто ў Яго верыць.

Св. Ірыней Ліёнскі