25 красавіка 2022 году Прэс-цэнтар Сьвятога Пасаду паведаміў, што Сьвяты Айцец Францішак прыняў адст…

25 красавіка 2022 году Прэс-цэнтар Сьвятога Пасаду паведаміў, што Сьвяты Айцец Францішак прыняў адстаўку ад пастырскага кіраваньня грэка-каталіцкай Прэшаўскай архіяпархіяй у Славакіі архібіскупа-мітрапаліта Яна Бабяка, SJ. Адначасова Папа Францішак прызначыў біскупа Пятра Руснака з Браціслаўскай япархіі Апостальскім адміністратарам sede vacante Прэшаўскай архіяпархіі.

Нейкіх дадатковых падрабязнасьцяў прычыны адстаўкі 68-гадовага грэка-каталіцкага мітрапаліта, які яшчэ не дасягнуў пенсійнага ўзросту 75 гадоў, прэс-служба Ватыкану не падае. Неафіцыйна сярод славацкага духавенства выказваецца меркаваньне, што нечаканая датэрміновая дабраахвотная адстаўка архібіскупа Яна Бабяка стала рэакцыяй на вынікі дзьвюх ватыканскіх візітацыяў у архіяпархіі ў 2019 і 2021 гадах. Пэўная частка духавенства і вернікаў выказвала незадаволенасьць ягоным спосабам кіраваньня.