Мансеньёр Кметэк раней нёс святарскае служэнне ў Ліване, а ў Турцыі ён жыве з 2001 года. У 2020 годзе Папа Францішак прызначыў яго архібіскупам Ізміра, архіепархіі плошчай каля 100 тысяч кіламетраў: на ўсход яна распасціраецца да Коньі, размешчанай у 550 км ад Ізміра, а на поўдзень – на 450 км да Анталлі.
У цяперашні час, распавёў архібіскуп Кметэк, у архіепархіі Ізміра пражывае каля 5000 каталікоў, не лічачы мігрантаў і бежанцаў. На пытанне аб свабодзе абвяшчэння ўласнай веры прэлат адказаў: “Як францысканец я лічу асноўнай каштоўнасцю сведчанне жыцця, братэрскае жыццё”.
«Мы хацелі б быць актыўнай і жывой Царквой, – тлумачыць мансеньёр Кметэк. – Наша місія – гэта місія Царквы з адчыненымі дзвярыма. Таму ўсе нашы храмы адчыненыя для наведвальнікаў у вызначаны час. Тут адбываюцца часам службы, і нехта заўсёды знаходзіцца ў храме, каб сустракаць наведвальнікаў і адказваць на іх магчымыя пытанні. Гэта шлях евангелізацыі, які мы абралі ў цяперашнім кантэксце».
Раней Турцыя была свецкай дзяржавай. Сёння ж яна перажывае адраджэнне ісламу. Аднак, зазначае архібіскуп, «нельга сказаць, што хрысціяне зноў падвяргаюцца дыскрымінацыі», хаця і мелі месца непрыемныя інцыдэнты ў адносінах з уладамі і дзяржаўнымі ўстановамі, бо Каталіцкая Царква не прызнана ў якасці прававога суб’екта. Тым не менш тут вядзецца “дыялог жыцця”, і прыкладам таму з’яўляецца “Карытас”. Гэтая дабрачынная каталіцкая арганізацыя – частка Царквы, частка архіепархіі, і ў ёй знаходзяць дапамогу і падтрымку і хрысціяне, і мусульмане, роўна як і любы безабаронны і патрабуючы чалавек. Архібіскуп расказаў таксама аб удзеле каталікоў у «Днях братэрства», аб сустрэчах з мясцовымі імамамі. Мэр Ізміра атрымаў ад каталікоў у падарунак турэцкі пераклад энцыклікі Fratelli tutti; на турэцкую была таксама перакладзена энцыкліка Папы Францішка Laudato si’.
Што да экуменічнага дыялогу, то ў цэлым адносіны з іншымі хрысціянскімі канфесіямі пазітыўныя: архібіскуп згадаў аб праваслаўных і англіканцах, з якімі ў Ізміры каталікі падзяляюць асноўныя хрысціянскія святы. Нядаўна ў каталіцкім храме Святога Палікарпа Боскую Літургію служылі армянскія святары, паколькі ў іх абшчыны няма свайго храма ў Ізміры. З Армянскай Апостальскай Царквой у памесных каталікоў ёсць агульны праект – яны хочуць адкрыць невялікую кнігарню Біблейскага таварыства. “Гэта шматабяцальныя знакі экуменічнага дыялогу”, – лічыць прэлат.
Асаблівую ўвагу ў сваёй душпастырскай працы католікі надаюць турыстам, якія выбіраюць Турцыю для азнаямленчых паездак. Для хрысціян, якія прыязджаюць у краіну, вельмі важна наведаць мясцовыя гістарычныя святыні, звязаныя з самімі вытокамі нашай веры. Напрыклад, на тэрыторыі сённяшняй Турцыі праходзілі першыя сусветныя саборы, якія надалі фор