Як канцэпцыя грошай, так і канцэпцыя «нацыі» ці «народа» былі прыдуманы людзьмі. Таму ўсе нацыі, як і ўсе валюты — «выдуманыя». Але гэта не значыць, што іх на самай справе не існуе.
Беларусь – гэта буйная еўрапейская краіна з вялікай унікальнай гісторыяй і народам, які варты жыць шчасліва.
Сёння дзяржава, на жаль, не прадстаўляе нашых інтарэсаў. Інстытут права разбураны, наша тэрыторыя, насуперак інтарэсам і меркаванням большасці грамадзян, выкарыстоўваецца Расіяй як пляцоўка для ваеннай агрэсіі. Сёння важна прызнаць, што супраць нашай волі Беларусь страціла дзяржаўны суверэнітэт. Зараз краіна ня мае здольнасці і магчымасці ажыццяўляць уладу на сваёй тэрыторыі.
Мы кажам пра гэта, бо ўпэўнены, што ані Лукашэнка, ані вайсковае кіраўніцтва Беларусі не вырашае, знаходзіцца расейскаму войску на тэрыторыі нашай краіны ці не. Ані Лукашэнка, ані беларускія вайскоўцы ня ведаюць, што Пуцін збіраецца рабіць на нашай тэрыторыі — страляць па Украіне ці не.
Але разрыў паміж народам і ўдзельнікамі дзяржкіравання ня можа пазбавіць нас народнага суверэнітэту як нашага права быць асновай і крыніцай улады. Супраць нашай волі немагчыма пазбавіць нас права звацца беларусамі і быць гаспадарамі ў сваёй краіне.
Зараз мы ня можам адчуваць сябе свабодна ў сябе ўдома. Але рэалізацыя гэтага права залежыць ад усведамлення намі сваіх жыццёвых інтарэсаў. Калі мы гатовыя адмовіцца ад веры ў сябе як нацыю, пагадзіцца на вырашэнне нашага лёсу іншымі людзьмі — нічога рабіць ня трэба.
Але калі вы верыце ў тое, што «мы і ёсць Беларусь», кожны і кожная з нас, то важна прыкладаць намаганні для таго, каб як мага больш людзей усвядомілі, што мы з’яўляемся адзінай крыніцай улады і росквiту краіны, што мы вартыя вырашаць сваю будучыню самі, што ўласна мы лепш за іншых зможам пра сябе паклапаціцца.
Народны суверэнітэт – гэта тое, што ў нас немагчыма адабраць. Ад яго можна толькі адмовіцца самастойна, а значыць, мы можам на гэта паўплываць.
@honestpeople_by
#мычестныелюди #мысумленныялюдзі #строимгражданскоеобщество #нетвойне #невайне