Стварыўшы чалавека на свой вобраз і падабенства, Госпад Бог надзяліў яго розумам і воляй. Бог пасяліў яго ў раі, даў волю і запаведзь: «З кожнага дрэва ў садзе еш; не еш з дрэва пазнання дабра і зла» (Быц 2, 16-17). Такім чынам Бог першы шануе годнасць і свабоду чалавека, бо, даючы запаведзь, пакідае чалавеку магчымасць свабоднага выбару.
Нават калі чалавек парушыў запаведзь Божую — сарваў плод з дрэва пазнання дабра і зла, замахнуўся на тое, што яму не належыць, — Госпад шануе яго выбар. Наступствам парушэння запаведзі з’яўляецца схільнасць чалавека да граху, пакуты і смерць. Аднак Бог — любячы Айцец — не пакідае чалавека, а апякуецца і вядзе яго, абяцае вызваліць з няволі граху і суправаджае на шляху збаўлення.
Жадаючы, каб чалавек быў свабодным і шчаслівым, Бог дае яму запаведзі — правілы жыцця, арыенціры жыцця з Богам. Выконваючы запаведзі, мы паказваем сваю любоў да Бога, Які любіць нас, і супрацоўнічаем з Ім. Калі мы не выконваем запаведзі, то адварочваемся ад нашага Творцы – крыніцы любові і жыцця.
Госпад з любові да нас адкрывае нам свой Закон як «дарогу жыцця», праз якую заклікае нас выйсці з няволі граху да свабоды дзяцей Божых. Госпад дае нам запаведзі, якія накіроўваюць нас да праведнага жыцця, але не пазбаўляюць свабоды і адказнасці за свае ўчынкі.
“Калі чалавек любіць Бога, тады яму мілае ўсё, што належыць Богу, што вядзе да Бога і што Яму прыемна. Тады для яго становіцца дарагім і мілым Божае Слова, праз якое ён лепш пазнае Бога, і Божы Закон, у якім выяўляецца Яго воля, і малітва, якой размаўляе з Ім. Кожны чалавек для яго таксама дарагі, бо бачыць у ім Божае дзіця. Так любоў Божая асвятляе ўсё жыццё чалавека. А галоўнае, пралівае святло на ўзаемаадносіны паміж людзьмі”. (Слуга Божы мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі)