Енчу, бо стогне маё сэрца (пар. Пс 38 [39], 9). Бывае схаваны стогн, якога чалавек не чуе. Аднак, калі сэрца настолькі ахоплена думкамі аб нечым жаданым, што ўнутраная рана чалавека выразна праяўляецца праз голас, тады шукаюць прычыны. І чалавек, які слухае, скажа сабе: можа, ён стогне з-за нечага, можа, яму зрабілі штосьці. Хто ж гэта зразумее, калі не той, у каго на вачах і пры кім стогне? Калі людзі чуюць чалавечыя стогны, часцей яны чуюць стогны цела, але не чуюць самога чалавека, які стогне ад сардэчнай раны, таму псальміст кажа: «Я енчу, бо стогне маё сэрца».
Хто ж распазнае, адкуль стогны? Псальміст дадае: «Перад Табою ўсё маё жаданне» (пар. Пс 38 [37], 10). Не перад людзьмі, якія не могуць бачыць сэрца, але «перад Табою ўсё маё жаданне». Калі Тваё жаданне перад Ім, то і Айцец, Які бачыць патаемнае, адплаціць табе.
Само тваё жаданне – гэта твая малітва; і калі працягваецца жаданне, працягваецца малітва. Не дарма сказаў Апостал: «Няспынна маліцеся» (1 Тэс 5, 17). Хіба ён сказаў «няспынна маліцеся» пра тое, што мы няспынна згінаем калені, схіляемся ў паклоне або ўзносім рукі? Калі ж мы кажам, што так молімся, то, думаю, не можам такім чынам няспынна маліцца.
Існуе іншая, унутраная няспынная малітва, якая ёсць жаданнем. Што б ты ні рабіў, калі прагнеш таго шабату, якім ёсць адпачынак у Богу, ты не перастаеш маліцца. Калі не хочаш спыняць малітвы, не спыняй жадання.
Тваё няспыннае жаданне і ёсць тваім няспынным голасам. Ты замоўкнеш, калі перастанеш любіць. Хто замоўк? Тыя, пра каго сказана: «З-за таго, што пашырыцца беззаконне, любоў многіх астыне» (Мц 24, 12).
Халодная любоў – гэта маўчанне сэрца. Гарачая любоў – гэта крык сэрца. Калі заўсёды трывае любоў, ты заўсёды крычыш. Калі ты заўсёды крычыш, ты заўсёды жадаеш. Калі ты жадаеш, ты думаеш пра спакой.
«Перад Табою ўсё маё жаданне» (Пс 38 [37], 10). Калі перад Ім само жаданне, дык ці можа не быць перад Ім стогн? Не можа быць інакш, бо стогн ёсць голасам жадання.
І далей: «Стогн мой не схаваны ад Цябе» (Пс 38 [37], 10). Ад Цябе не схаваны, але схавана ад многіх людзей. Часам здаецца, што пакорны слуга Божы гаворыць: «Стогн мой не схаваны ад Цябе». А часам, што гэты слуга Божы радуецца. Хіба памерла гэтае жаданне ў сэрцы? Калі ж ёсць жаданне, ёсць і стогн, бо не заўсёды ён даходзіць да людскіх вушэй, але ніколі не адыходзіць ад вушэй Божых.
Св. Аўгустын