Ніхто з людзей не бачыў і не ведаў Бога, але Ён Сам паказаў Сябе. А паказаў Сябе праз веру, толькі д…

Ніхто з людзей не бачыў і не ведаў Бога, але Ён Сам паказаў Сябе. А паказаў Сябе праз веру, толькі дзякуючы якой можна ўбачыць Бога. Таму што Бог, Госпад і Стварыцель усяго, Які ўчыніў усё і ўладкаваў, не толькі палюбіў людзей, але і быў цярплівы да іх. Ён заўсёды быў такі, і ёсць, і будзе, ласкавы і добры, не ахвочы да гневу і праўдзівы, і толькі адзін Ён добры. Задумаўшы вялікі і невыказны намер, Ён падзяліўся ім са Сваім адзіным Сынам.

Пакуль трымаў у таямніцы і захоўваў Свой мудры намер, здавалася, што Ён занядбаў нас і пакінуў без апекі. Але пасля таго, як праз умілаванага Сына адкрыў і праясніў тое, што было падрыхтавана ад пачатку, Ён даў нам усё разам: і магчымасць карыстацца Яго дабрадзействамі, і бачыць Яго, і разумець. Хто з нас калі чакаў чагосьці падобнага?

Усё ўладкаваўшы са Сваім Сынам, Ён аж да апошняга часу дазваляў нам, зведзеным са слушнага шляху бязладдзем страсцяў, пажадлівасці і прагнасці, жыць па ўласнай волі. Ён ні ў якім разе не цешыўся з нашых грахоў, але цярпеў іх. Ён не ўхваляў такога доўгага часу беззаконня, але ствараў цяперашні час справядлівасці. У той час нашы справы даказалі, што мы не вартыя жыцця, але цяпер Божая ласкавасць дала нам яго. Паколькі наша правіна была відавочнай, мы не маглі самастойна ўвайсці ў Божае Валадарства, але Божая моц дала нам гэту магчымасць.

Калі ж нашае беззаконне дасягнула мяжы, стала цалкам відавочным, што ў адплату за гэта нас чакае кара смерці. І тады надышоў час, які Бог прадвызначыў для таго, каб праявіць Сваю ласкавасць і магутнасць (о, бязмерная любоў Бога да чалавека!). Ён не ўзненавідзеў нас, і не адкінуў, і не адпомсціў нам, а цярпліва зносіў і вытрымліваў нас. Пашкадаваўшы, Ён узяў на Сябе нашыя грахі, аддаў уласнага Сына як плату за нашае адкупленне, святога за беззаконных, пазбаўленага зла за злых, справядлівага за несправядлівых, незнішчальнага за знішчаль­ных, несмяротнага за смяротных. Бо што яшчэ магло закрыць нашыя грахі, як не Яго справядлівасць? У кім іншым мы, нягодныя і бязбожныя, можам знайсці апраўданне, як не ў адзіным Сыне Божым?

Які цудоўны абмен, якая неспасцігальная пастанова, якое нечаканае дабрадзейства! Беззаконне многіх закрывае адзін праведнік, справядлівасць аднаго апраўдвае многіх несправядлівых!

Ліст да Дыягнэта