НОВЫ ПРЭФЕКТ ДЫКАСТЭРЫІ ЎСХОДНІХ ЦЭРКВАЎ ПРЫСТУПІЎ ДА ВЫКАНАНЬНЯ АБАВЯЗКАЎ16 студзеня 2023 г. архіб…

НОВЫ ПРЭФЕКТ ДЫКАСТЭРЫІ ЎСХОДНІХ ЦЭРКВАЎ ПРЫСТУПІЎ ДА ВЫКАНАНЬНЯ АБАВЯЗКАЎ

16 студзеня 2023 г. архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці заняў пасаду прэфэкта Дыкастэрыі Ўсходніх Цэркваў. Папа Францішак прызначыў яго на гэтую пасаду 21 лістапада 2022 г. Ён зьмяніў аргентынскага кардынала Леанарда Сандры, які сышоў у адстаўку па ўзросьце.

У штаб-кватэры Дыкастэрыі ў рымскім Palazzo dei Convertendi новага 67-гадовага кіраўніка прывіталі архібіскуп-сакратар Джорджа Дэметрыа Галара і падсакратар, а. Флавіа Пачэ, з якім ён каротка паразмаўляў перад тым, як адправіцца ў залю пасяджэньняў, дзе сустрэўся з супрацоўнікамі.

Затым у Залі гонару ў прысутнасьці прадстаўнікоў патрыярхаў і вярхоўных архібіскупаў пры Сьвятым Пасадзе, рэктараў Усходніх калегіюмаў, генеральных і рэгіянальных настаяцеляў мужчынскіх і жаночых ордэнаў усходняга абраду, прысутных у Рыме, рэктара Папскага ўсходняга інстытута і кансультантаў дыкастэрый пасьля малітвы да Сьвятога Духа быў зачытаны ліст Сьвятога Айца аб прызначэньні архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці на пасаду.

Новы прэфэкт Дыкастэрыі Ўсходніх Цэркваў склаў вызнаньне веры і прысягу на вернасьць, пасьля чаго з вітальным словам зьвярнуўся да прысутных, выказваючы перш за ўсё ўдзячнасьцю сваю сыноўнюю адданасьць Рымскаму Архірэю.

Напрыканцы, пасьля бласлаўленьня, якое суправаджалася сьпевам марыйнага антыфону Alma Redemptoris Mater, новы прэфэкт Дыкастэрыі Ўсходніх Цэркваў асабіста прывітаў прысутныя дэлегацыі.

Францішак прызначыў архібіскупа Гуджэроцьці прэфэктам Дыкастэрыі Ўсходніх Цэркваў 21 лістапада 2022 г. З 2020 году ён быў Апостальскім нунцыем у Вялікабрытаніі. Ярарх добра ведае сьпецыфіку свайго цяперашняга служэньня, бо раней, з 1985 году працаваў у Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Таксама яго дыпламатычная дзейнасьць была зьвязана з рэгіёнамі, дзе прысутнічаюць вернікі ўсходніх абрадаў: з 2001 году ён быў Апостальскім нунцыем у Арменіі і Грузіі, у 2011-2015 гадах – у Беларусі, а затым, на працягу амаль пяці гадоў, узначальваў папскую дыпламатычную місію ва Ўкраіне.

Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, якая пакуль ня мае свайго біскупа-ардынарыя, наўпрост падпарадкавана Апостальскай Сталіцы і падчас Боскай Літургіі ўзгадвае як свайго ярарха прэфэкта Дыкастэрыі Ўсходніх Цэркваў. Ад гэтага часу вернікі БГКЦ будуць у малітвах узгадваць архібіскупа Клаўдзія (Гуджэроцьці).

Паводле Беларускай рэдакцыі Vatican news.
https://www.vaticannews.va/be/vatykan/news/2023-01/arcybiskup-gugerotti-zastupiu-na-pracu-jakasci-prefekta.html