А вось чалавеку неставала славы Божай, якую можна было здабыць толькі праз паслухмянасць Богу. Таму Майсей кажа народу: «Выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё, каб любіў Госпада Бога твайго і слухаўся голасу Ягонага, і моцна трымаўся Яго. Бо ў гэтым тваё жыццё і працягласць дзён тваіх» (Дрг 30, 19-20).
Каб падрыхтаваць чалавека да гэтага жыцця, Бог Сам аднолькава для ўсіх абвясціў словы Дэкалогу. І таму яны падобным чынам трываюць і ў наш час, бо праз цялеснае прыйсце Бога яны не былі скасаваныя, але пашырыліся і павялічыліся.
Што датычыць наказаў наконт былога стану няволі, яны былі дадзеныя Госпадам праз Майсея для выхавання і павучэння народу, як сказаў сам Майсей: «Госпад загадаў мне ў той час навучыць вас пастановам і законам» (пар. Дрг 4, 5).
Таму ўсё, што было дадзена для няволі і ў якасці знаку, Бог абмежаваў новым запаветам свабоды. А прыродныя запаведзі, уласцівыя свабодным людзям і агульныя для ўсіх, павялічыў і пашырыў. Праз усынаўленне Ён даў людзям пазнаць Бога як Айца, каб мы ад усяго сэрца палюбілі Яго і без ваганняў пайшлі за Яго Словам.
Св. Ірыней Ліёнскі