Бесцялеснае, нятленнае і нематэрыяльнае Слова Божае прыйшло на нашу зямлю, хоць і раней не было далё…

Бесцялеснае, нятленнае і нематэрыяльнае Слова Божае прыйшло на нашу зямлю, хоць і раней не было далёка, бо ніводная частка свету ніколі не была пазбаўлена Яго, але, існуючы ў еднасці са Сваім Айцом, Яно напаўняла ўсё і было паўсюль.

Прыйшло ў Сваёй ласкавасці да нас і адкрыла Сябе нам. Злітавалася над слабасцю нашага роду і, узрушанае нашай сапсаванасцю, не змагло сцярпець панавання смерці над намі. Каб не загінула тое, што было створана, і каб не была марнай справа Ягонага Айца, Які ўчыніў чалавека, Само прыняло цела, якое не адрознівалася ад нашага. Яно не хацела быць толькі ў целе ці толькі паказацца нам у ім.

Бо калі б хацела толькі паказацца, магло б прыняць больш дасканалае цела, аднак прыняло нашае сапраўднае цела.

У Дзеве пабудавала Сабе святыню, г. зн. цела, якое зрабіла як бы адпаведным для Сябе інструментам: у ім аб’явілася і жыло. Паколькі ўсе падлягалі знішчэнню, Слова аддало цела на смерць дзеля ўсіх і ахвяравала яго Айцу з найвышэйшай ласкавасцю. У выніку гэтага ўсе, хто ў Ім памірае, не падлягаюць закону смерці, прынятаму супраць людзей. Гэты закон вычарпаў сваю моц у целе Госпада і больш не можа выкарыстоўвацца супраць людзей, падобных да Яго. Слова зноў зрабіла несмяротнымі людзей, якія падлягалі смерці, і зноў паклікала іх ад смерці да жыцця. З дапамогаю цела, якое Само прыняло, і праз ласку ўваскрасення Яно, быццам агонь, які спальвае салому, цалкам прыбрала ад іх смерць.

Слова прыняло смяротнае цела, каб яно, стаўшы ўдзельнікам Слова, якое ўзначальвае ўсё, магло памерці за ўсіх; а дзякуючы Слову, Якое жыве ў ім, засталося непашкоджаным, каб праз ласку ўваскрасення адвесці ад усіх тленнасць.

Слова аддало на смерць прынятае цела як чыстую і беззаганую ахвяру за ўсіх і адразу прагнала смерць ад усіх падобных да Яго.

Божае Слова, Якое пераўзыходзіць усё, прынесла ў ахвяру за ўсіх святыню ўласнага цела і так расплацілася ўласнай смерцю за наш доўг. Такім чынам Божы Сын, аб’яднаны з усімі людзьмі праз падобнае цела, дзеля справядлівасці зрабіў усіх несмяротнымі, дзякуючы абяцанню ўваскрашэння.

Згубная смерць ужо не мае над людзьмі ніякай улады дзякуючы Слову, Якое пасялілася між іх у людскім целе.

Св. Апанас Вялікі, біскуп Александрыйскі