2 траўня – памяць сьв. Апанаса Вялікага, біскупа АлександрыйскагаСьвяты Апанас, біскуп і доктар Царк…

2 траўня – памяць сьв. Апанаса Вялікага, біскупа Александрыйскага

Сьвяты Апанас, біскуп і доктар Царквы, нарадзіўся ў Александрыі ў Егіпце. Стаўся вядомым дзякуючы сваім працам “Супраць паганаў” і “Пра ўцелаўленьне Слова”, яшчэ большую славу здабыў, калі ад імя свайго біскупа ўзяў удзел у Нікейскім саборы (325). Праз тры гады быў прызначаны біскупам Александрыі.

Намоўлены ягонымі ворагамі, цэзар Канстанцін (306-337) адправіў яго ў 335 годзе на выгнаньне, з якога сьв. Апанас вярнуўся пасьля сьмерці цэзара. Але неўзабаве быў вымушаны зноў пакінуць Александрыю. На гэты раз ён быў у Рыме. У 345 годзе цэзар Канстанцый (337-361) згадзіўся на ягонае вяртаньне.

Наступіла дзесяцігоддзе ўяўнага супакою, падчас якога між іншым сьв. Апанас клапаціўся пра пашырэньне хрысьціянства ў Эфіёпіі і Арабіі. На працягу свайго жыцьця яшчэ шмат разоў быў у выгнаньні. Шмат часу прысьвяціў літаратурнай дзейнасьці.

Памёр уначы з 2 на 3 траўня 373 г. Пасьля сябе сьвяты пакінуў глыбокія творы па хрысталогіі і пра Сьвятую Тройцу.