ПАПА РЫМСКІ СУСТРЭЎСЯ З ГРЭКА-КАТОЛІКАМІ ВЕНГРЫІПершая палова другога дня Апостальскага падарожжа …

ПАПА РЫМСКІ СУСТРЭЎСЯ З ГРЭКА-КАТОЛІКАМІ ВЕНГРЫІ

Першая палова другога дня Апостальскага падарожжа Папы Францішка ў Венгрыю завяршылася наведваньнем грэка-каталіцкай царквы Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Будапешце.

Пасьля сустрэчы з беднымі і бежанцамі, якая адбылася ў касьцёле сьвятой Альжбеты Вянгерскай у Будапешце, Папа Францішак наведаў суседні грэка-каталіцкі храм, дзе адбылася яго кароткая сустрэча з супольнасьцю Вянгерскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Сёньня яна сфармавана як мітрапалічая Царква свайго права, якая аб’ядноўвае Гайдудорагскую архіяпархію, Мішкальцкую і Ньірэдзьгазскую япархіі і налічвае каля 300 тыс. вернікаў, якія моляцца па-вянгерску.

Калі Рымскі Архірэй увайшоў у сьвятыню, яго сустрэлі традыцыйнымі літургічнымі сьпевамі. З кароткім віншавальным словам да яго зьвярнуўся Архібіскуп Гайдудорагскі Пэтэр Фюлёп Кошыч, які нагадаў словы сьвятога Яна Паўла ІІ пра тое, што Царква дыхае двума лёгкімі – усходняй і заходняй духоўнасьцю.

«Гэты паэтычна-тэалагічны вобраз асабліва раскрываецца тут, на гэтай плошчы, дзе знаходзяцца два храмы, дзе жывуць дзьве супольнасьці, адна лацінскага абраду, а другая візантыйскага», – заўважыў вянгерскі архіпастыр, падкрэсьліваючы пакутлівую гісторыю сваёй Царквы і яе пакліканьне быць мостам.

«Для нас, грэка-католікаў, прыналежнасьць да Каталіцкай Царквы асабліва важная. Ад самага нараджэньня, ад першых уніяў, нам давялося шмат пакутаваць з-за прычыны нашай падвойнай прыналежнасьці. Нашыя мучанікі загінулі ня толькі за хрысьціянскую веру, але перадусім за вернасьць Каталіцкай Царкве: замест таго, каб паддацца камуністычнаму гвалту, яны засталіся вернымі гэтай Царкве і аддалі за яе сваё жыцьцё. Таму ніхто ня можа сумнявацца, што, імкнучыся заставацца вернымі нашым усходнім караням, мы ня хочам ствараць падзелаў, але маем намер стаць мостам паміж дзьвюма Цэрквамі-сёстрамі, бо ў пэўным сэньсе належым да абедзьвюх. Дзякуючы вашаму сёньняшняму візіту мы атрымліваем моцнае пацьверджаньне таго, што таксама зьяўляемся членамі каталіцкай сям’і, і абяцаем, што будзем старацца несьці ўсім пасланьне еднасьці і братэрства», – сказаў першаярарх Вянгерскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Затым прагучала кароткая малітва, якую Сьвяты Айцец завяршыў удзяленьнем прысутным бласлаўленьня.

Паводле Vatican News.

https://youtu.be/Fqhrdc0JA2g

https://www.youtube.com/watch?v=Fqhrdc0JA2g