22 ліпеня – памяць сьвятой роўнаапостальнай Марыі Магдалены
Міраносіца і роўная апосталам Марыя Магдалена паходзіла з галілейскага горада Магдала каля Тыберыядзкага возера. Была вызваленая Хрыстом ад сямі дэманаў. З таго часу хадзіла за Настаўнікам і верна Яму служыла, стаўшыся Яго вучаніцай.
Разам з Багародзіцаю яна была першай сярод тых, хто ўбачыў уваскрослага Хрыста. Невядома дакладна, чым займалася Марыя Магдалена пасьля Ўшэсьця Госпада, але традыцыя пераказвае, што яна спрычынілася да распаўсюджваньня веры ў Хрыста, і таму названая роўнай апосталам.
Усьлед за Хрыстом, які нарадзіўся ад Дзевы, ты пайшла, пачэсная Магдалена Марыя, захоўваючы ўсе Ягоныя збавенныя рады і запаветы; дзеля гэтага сёньня мы, сьвяткуючы тваю сьветлую памяць, малітвамі тваімі атрымліваем адпушчэньне грахоў.