«Першы чалавек з зямлі ёсць пылам; другі Чалавек – з неба. Як мы насілі вобраз таго, што з пылу, так…

«Першы чалавек з зямлі ёсць пылам; другі Чалавек – з неба. Як мы насілі вобраз таго, што з пылу, так будзем насіць вобраз нябеснага» (1 Кар 15, 47. 49). Браты ўмілаваныя, так паступаючы, мы ніколі не спазнаем смерці. А калі нават зямное цела будзе знішчана, мы будзем жыць у Хрысце згодна з тым, што Ён сам сказаў: «Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць» (Ян 11, 25).

Больш за тое, мы добра ведаем на падставе словаў Госпада, што Абрагам, Ісаак, Якуб, а таксама ўсе святыя Божыя жывуць надалей. Гэта пра іх кажа Госпад: «Усе жывуць для Яго; Бог не ёсць Богам мёртвых, а жывых» (пар. Мц 22, 32). Пра сябе ж сам Апостал кажа: «Для мяне жыццё – гэта Хрыстос, а смерць – гэта выгада, маю жаданне памерці і быць з Хрыстом» (пар. Флп 1, 21-23). І яшчэ: «Калі прысутнічаем у целе, мы далёка ад Госпада, бо жывём вераю, а не бачаннем» (2 Кар 5, 6). Гэта наша вера, браты ўмілаваныя. Акрамя таго: «Калі мы спадзяёмся толькі ў гэтым жыцці, то мы самыя няшчасныя сярод людзей» (пар. 1 Кар 15, 19). Нашае зямное жыццё, – як вы самі добра ведаеце, – трывае так доўга, як звяроў ці птушак, або нават і менш. Выключнай уласцівасцю чалавека з’яўляецца тое, што Хрыстос ахвяраваў праз Свайго Духа, а менавіта вечнае жыццё, калі мы больш не грашым. Як грэх вядзе да смерці, так цнота захоўвае ад яе. Жыццё губляецца праз беззаконне; а дзякуючы цноце захоўваецца. «Расплата за грэх – смерць, а дар Бога – жыццё вечнае ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым» (Рым 6, 23).

Гэта менавіта Ён адкупіў нас, як кажа Апостал: «Ён дараваў усе правіны, сцёр запіс нашых даўгоў, які быў супраць нас, і скасаваў яго, прыбіўшы да крыжа. Раззброіў панаванні і ўлады, выставіў іх напаказ, трыумфальна перамогшы іх» (пар. Клс 2, 13-15). Вызваліў палонных, разарваў нашыя кайданы, паводле словаў Давіда: «Госпад вызваляе вязняў, Госпад адкрывае вочы сляпым, Госпад узнімае прыніжаных» (Пс 146, 7-8). І яшчэ: «Ты разарваў мае кайданы. Я прынясу Табе ахвяру хвалы» (Пс 116, 16-17). Мы вызваляемся з путаў, калі дзякуючы сакрамэнту хросту збіраемся пад штандарам Хрыста, вызваленыя моцаю крыві і імя Хрыста.

Таму, умілаваныя, мы раз і назаўсёды былі ачышчаныя, раз і назаўсёды вызваленыя, раз і назаўсёды прынятыя да несмяротнага валадарства, раз і назаўсёды «шчаслівыя, каму даравана беззаконне, і чый грэх забыты» (пар. Пс 32, 1). З усіх сілаў захоўвайце тое, што атрымалі, захоўвайце дзеля ўласнага шчасця, больш не грашыце, будзьце адгэтуль чыстыя і беззаганныя аж да дня Госпада.

Св. Пацыян Барселонскі