19 жніўня 1893 г. нарадзіўся біскуп і апостальскі адміністратар Мінскі і Магілёўскі Баляслаў Слоска…

19 жніўня 1893 г. нарадзіўся біскуп і апостальскі адміністратар Мінскі і Магілёўскі Баляслаў Слосканс. На сёння прыпадае 130-я гадавіна з народзінаў этнічнага латыша, якога лёс прывёў служыць Беларусі.

Нарадзіўся ў былой Віцебскай губерні ў Стэрнянах пад Рэжыцай (Латвія) у каталіцкай сям’і Бярнарда і Цэцыліі Слоскансаў. У 1917 г. ён быў высвечаны на святара, а ў верасні 1924 г. трапляе ў Беларусь – пачынае служыць недалёк ад месца свайго нараджэння – у Віцебску, у касцёле св. Барбары.

10 траўня 1926 г. біскуп Мішэль д’Эрбіньі, спецыяльны пасланнік Папы Пія XІ, у касцёле св. Людовіка ў Маскве таемна ўдзяляе святару біскупскае пасвячэнне і прызначае яго Апостальскім адміністратарам у Магілёве са жніўня 1926 г., і пасля ў Мінску з 1927 г.

17 верасня 1927 г. біскупа арыштоўваюць камуністы. Яго абвінавацілі ў шпіянажы. У 1933 г. дзякуючы латвійскаму ўраду і Апостальскаму Пасаду савецкі ўрад пагадзіўся выменяць яго на аднаго камуніста.

Біскуп Баляслаў Слосканс быў апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-каталікаў з 19 снежня 1952 г. Актыўны ўдзел біскупа Баляслава Слосканса ў духоўным і культурным жыцці беларусаў замежжа вызначаўся і ў матэрыяльнай, і ў маральнай дапамозе, якую ён надаваў беларускім каталіцкім часопісам «Źnič», што выдаваўся ў Рыме Пятром Татарыновічам, і «Божым Шляхам», які выдаваўся ў Парыжы Львом Гарошкам. Біскуп фінансаваў гэтыя выданьні і матэрыяльна дапамагаў кампазітару Міколу Равенскаму, аўтару музыкі да гімна “Магутны Божа”.

Вялікая заслуга біскупа Баляслава Слосканса для душпастырскіх патрэбаў беларусаў у эміграцыі была і ў тым, што ён, як Апостальскі візітатар для беларусаў замежжа, падтрымаў ліст, які беларускія святары напрыканцы іх агульнай сустрэчы ў Рыме прадставілі Папу Яну XXIII 6 лютага 1960 г.

У лісце была просьба прызначыць для беларускіх католікаў уласнага біскупа. Ліст быў падпісаны біскупам Баляславам Слоскансам і беларускімі святарамі, якія займаліся душпастырскай апекай беларускіх эмігрантаў абодвух абрадаў у Заходняй Еўропе.

І сапраўды, 2 ліпеня 1960 г. Ян ХХІІІ намінаваў айца Чэслава Сіповіча, рэктара беларускай місіі ў Лондане, першым беларускім грэка-каталіцкім біскупам з часу знішчэння ў 1839 г. царскімі ўладамі структур Грэка-Каталіцкай Царквы.

18 красавіка 1981 г. іерарх адышоў у вечнасць. У 1993 г. яго парэшткі перавезлі ў базыліку Божай Маці ў Аглоне (Латвія).

У 2000 г. быў распачаты яго беатыфікацыйны працэс. У 2004 г. Папа Ян Павел ІІ падпісаў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў біскупа Баляслава Слосканса.