Насустрач Богу, Які надыходзіць
Мы пачынаем сумесную вандроўку насустрач Божаму Нараджэнню. Гэтае падарожжа ахоплівае перыяд 40-дзённага посту, які традыцыйна называюць «Піліпаўкай», паколькі ён пачынаецца 15 лістапада — на наступны дзень пасля літургічнага ўспаміну св. апостала Піліпа.
Запрашэнне да посту — гэта запрашэнне пабыць сам-насам з нашым Госпадам. Аддаліцца ад штодзённых спраў, каб у малітве і спакоі разважаць над Божым словам за зачыненымі дзвярыма ўласнага сэрца (пар. Мц 6, 6) і размаўляць з Тым, Хто «бачыць таемнае». Дык пойдзем насустрач Богу, а Бэтлеемская зорка няхай вядзе нас, як мудрацоў з Усходу, да нашага збаўлення!
Аднак адразу звернем увагу на тое, што гэта не мы робім першы крок у гэтым духоўным падарожжы. Бог першым выходзіць нам насустрач. Бог першы паглядзеў на нашу духоўную немач і патрэбу і вырашыў даслаць Свайго Адзінароднага Сына «дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення» (Сімвал веры).
Бог заўсёды робіць першы крок у нашым жыцці: і ў стварэнні, і ў збаўленні, і ў духоўным адраджэнні, і ў праслаўленні нас у небе: «Ты прывёў нас з небыцця ў існаванне, і калі мы ўпалі, Ты нас узняў і не перастаў чыніць усё, пакуль не прывёў нас на неба і не даў нам будучага Валадарства», — моліцца Царква Хрыстова ў Боскай Літургіі.
Гэтая Божая ініцыятыва з’яўляецца праявай Яго вялікай і безумоўнай любові: «Ты свет Твой так палюбіў, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Анафара св. Яна Залатавуснага; гл. Ян. 3, 16). Госпад палюбіў нас яшчэ тады, калі мы былі Яго ворагамі (гл. Рым. 5, 6-10), і гэтая Яго любоў стала першапрычынай нашага збаўлення, нашага прымірэння з Ім і нашага вяртання ў дом Айца – не ў статусе няўдзячных грэшнікаў і жыццёвых няўдачнікаў, але як заўсёды любленых і адкупленых Крывёю Хрыста дзяцей Нябеснага Айца.
Малітва: Госпадзе, дзякуем Табе за Тваю вечную любоў да нас, Тваіх дзяцей! Мы дзякуем Табе за тое, што не забываеш і не пакідаеш нас у нашай загубленасці, але выходзіш нам насустрач у Сваім Сыне, працягваеш руку збаўлення, давяршаючы гэтае збаўленне ў нашым жыцці сілай і дзеяннем Святога Духа. Вядзі нас, тых, хто выходзіць Табе насустрач, і дай нам шчасліва завяршыць гэты наш збавенны шлях – у гэтым годзе і на працягу ўсяго нашага жыцця!
Ул. Багдан Дзюрах