#НасустрачРаствуЭммануэль: Бог прыходзіць, каб заўсёды быць з намі«Вось Дзева зачне і народзіць Сына…

#НасустрачРаству
Эммануэль: Бог прыходзіць, каб заўсёды быць з намі

«Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эммануэль, што азначае “з намі Бог”». (Мц 1:23, гл. Іс. 7, 14)

Гэта першае з пяці старазапаветных прароцтваў, прыведзеных евангелістам Мацвеем у першых раздзелах яго Евангелля, дзе гаворыцца пра нараджэнне і дзяцінства Месіі-Збаўцы.

Прарок Ісая скіраваў гэтае слова да выбранага народу Божага ў канкрэтных гістарычных абставінах смяротнай небяспекі, запавядаючы цару Ахазу нечаканую Божую дапамогу ў супрацьстаянні ворагам. Навакольныя каралі ідуць вайной на Юдэю і Ерусалім. Юдэйскі цар Ахаз, адчайна шукаючы выратавання, вырашае звярнуцца па дапамогу да Асірыі. У той жа час, рыхтуючыся да аблогі горада, ён загадвае пабудаваць вадаправод, каб не страціць доступ да крыніц вады.

Замест гэтага прарок Ісая, натхнёны Богам, клапоціцца пра тое, каб у людзей не скончылася надзея на збаўленне. Ён заклікае спадзявацца не столькі на моцных гэтага свету, колькі на дапамогу Божую, таму становіцца для людзей сапраўдным прарокам веры, а яшчэ дакладней, «прарокам даверу»: “Госпад жа сказаў Ісаі: «Выйдзі насустрач Ахазу (…) і скажы яму: “Глядзі, каб маўчаў, не палохайся і хай тваё сэрца не трывожыцца (…) з прычыны шалёнай злосці Разіна, і Сірыі, і сына Рамэліі, якія, Сірыя і сын Рамэліі, сумесна з Эфраімам уступілі ў падступную змову супраць цябе, (…) Вось што кажа Госпад Бог: “Не станецца і не будзе! (…) Калі не будзеце верыць, не ўцалееце”». (Іс. 7:3-9)

Пазней Ісая будзе скардзіцца на народ і яго правадыроў за тое, што яны не давяраюць Богу і Яго слову, і яшчэ раз ставіць перад духоўнымі вачыма жыхароў Ерусаліма вобраз вернага і міласэрнага Бога: “Бо гэта сказаў Госпад Бог, Святы Ізраэлеў: «У навяртанні і супакоі будзеце збаўлены, у зацішшы і ў надзеі будзе сіла ваша». Але вы не хацелі… Таму чакае Госпад, каб злітавацца над вамі, і з той прычыны будзе ўзвялічвацца, шкадуючы вас, што Госпад — Бог справядлівасці, шчасныя ўсе, якія чакаюць Яго.” (Іс. 30:15.18)

Сумненні, ваганні і недавер да прысутнасці і дзеяння Бога з’яўляюцца прыкметамі слабой веры. Нованароджанае Божае Дзіцятка называецца «Эммануэль» — «З намі Бог», каб мы ніколі не забываліся і не сумняваліся ў Божай прысутнасці, у Божай вернасці і Яго ўсепераможнай любові. Разам з прарокам Давідам мы можам заклікаць: “Госпад — Успаможца мой; не збаюся, бо што зробіць мне чалавек? Госпад са мною, і я з пагардаю зірну на непрыяцеляў маіх. Лепш бегчы да Госпада, чым спадзявацца на чалавека. Лепш бегчы да Госпада, чым давярацца князям.” (Пс. 118:6-9)

Малітва: Госпадзе! І мы так часта адчуваем сябе ва ўнутранай аблозе, акружаныя шматлікімі пагрозамі, праблемамі, спакусамі. Не дапусці тады, каб нашае сэрца млела ў нашых грудзях, а нашы душы ўпалі ў стан паралічу, трывогі і страху. Развядзі ласкаю Тваёю і словам Тваім усю нашую журбу, адгані неспакой, дай нам адчуць Тваю збаўчую прысутнасць, каб разам з прарокам мы маглі гаварыць перад абліччам нашых ворагаў: “Зрабіце нараду, і яна рассыплецца, скажыце слова, і яно не споўніцца, бо Бог з намі.” (Іс. 8:10)

Уладыка Багдан Дзюрах