Сьвяты Айцец: рабіць дабро, не чакаючы нічога ўзамен Зьдзяйсьняць ініцыятывы, накіраваныя на агульн…

Сьвяты Айцец: рабіць дабро, не чакаючы нічога ўзамен

Зьдзяйсьняць ініцыятывы, накіраваныя на агульнае дабро, заклікаў Сьвяты Айцец Францішак удзельнікаў XIII Фестывалю сацыяльнай навукі Царквы, паведамляе Vatican News.

У сваім пасланьні з нагоды XIII Фестывалю сацыяльнай навукі Царквы, які праходзіў з 24 па 26 лістапада 2023 году ў італьянскай Вероне, Папа Рымскі, спасылаючыся на справаздачу першай сесіі XVI Сінода Біскупаў па сінадальнасьці, нагадаў пра важную ролю сьвецкіх вернікаў у жыцьці Царквы. Часьцей за ўсё менавіта сьвецкія абвяшчаюць Евангельле ў лічбавым асяроддзі, якое набыло вялікае значэньне ва ўсім сьвеце, сярод моладзі, на працоўных месцах, у эканоміцы і палітыцы, у мастацтве і культуры, у навуцы, адукацыі, ахове навакольнага асяроддзя і грамадзкай дзейнасьці.

«Нам патрэбная сетка, якая б не заваблівала ў пастку, а вызваляла б чалавека, ахоўвала б еднасьць свабодных людзей», – напісаў Францішак, дадаючы, што Царква таксама зьяўляецца сеткай людзей, аб’яднаных Еўхарыстыяй, заснаванай не на “мне падабаецца” (Like), а на ісціне, на “Амін”, на прыналежнасьці да Цела Хрыстова і прыняцьці іншых людзей. Папа папярэдзіў ад распаўсюджваньня нянавісьці і скажэньня рэальнасьці ў інтэрнэт-сетцы і нагадаў, што толькі праз дар сябе іншаму магчыма дасягнуць паўнаты адносінаў.

Спасылаючыся на евангельскі ўрывак аб памнажэньні хлеба (Мк 6.34-44), Папа адзначыў, што пашана мноства людзей да навукі Ісуса вынікае з Яго асабістай зацікаўленасьці ў іх, з спагады і разуменьня іх пачуцьцяў і праблемаў. Ісус адчувае любоў да тых, хто Яго слухае, хай нават і няўважліва. Яго цікавіць чалавек у яго цэласнасьці. Каб дасягнуць кожнага з тых, хто сабраўся паслухаць Яго навуку, Ён дзейнічае не ў адзіночку, а з дапамогай вучняў. «Вы дайце ім есьці», – кажа апосталам Ісус (Мк 6.37), каб яны таксама зразумелі логіку асабістай зацікаўленасьці, прынясеньня сябе ў дар іншаму. У гэтым, на думку Францішка, заключаецца свабода пасьлядоўнікаў Ісуса: у актыўнай зацікаўленасьці ў росьце і разьвіцьці іншага чалавека.

Напрыканцы свайго пасланьня Сьвяты Айцец заахвоціў зьдзяйсьняць учынкі і ініцыятывы, накіраваныя на агульнае дабро. «Мы атрымалі жыцьцё задарма, нічога за яго не заплацілі. Значыць, мы ўсе можам даваць, не чакаючы нічога ўзамен, рабіць дабро, не патрабуючы, каб асоба, якой мы дапамагаем, адказала тым жа», (Fratelli tutti, 140) – заклікаў Францішак.

https://www.vaticannews.va/be/papa/news/2023-11/svyaty-ajcec-rabic-dabro-ne-chakayuchy-nichoga-uzamen.html